Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 34
Борис Саченко
А ўчора — артыкул пра Салжаніцына ў "Литгазете". Ілжывы ад пачатку да канца, факты "передернуты", нават не сказана, што Салжаніцын беспадстаўна быў рэпрэсіраваны... Усялякая барацьба з яўрэямі канчаецца тым, што пачынаюць біць рускіх, украінцаў і беларусаў. Праўда, у нас, у Беларусі, пакуль што быццам бы ціха... Ці надоўга? Галоўліт загадвае, каб не пісалі нічога ў газетах добрага пра Быкава. I блытае — Быкава з Сачанкам. А можа, і не блытае?..
Так, трэба будзе перажыць яшчэ адну кампанію. Колькі іх ужо было нават на маім вяку?.. А колькі іх яшчэ будзе! Баюся, што будзеш вось так спадзявацца, чакаць, што нешта зменіцца, і памрэш, а змен ніякіх так і не будзе. Трэба навучыцца працаваць у любых умовах, як бы цяжка ні было. I пісаць, пісаць. Пісаць тое, што надумана. Адкладаць на заўтра не варта, бо заўтра можа і не быць...
Брыль вярнуўся з Польшчы і ходзіць змрочны. I там — разгул рэакцыі. Ці доўга так будзе?..
Думаю ўсё пра адно і тое ж: як, пра што пісаць, каб творы мае не памерлі раней за мяне. Прачытаў амаль усяго Платонава, Андрыча. Пра чалавека, чалавека трэба пісаць. I толькі. Чалавек не як прыдатак да чагось, а чалавек — Бог, тварэц ці пакутнік. Яго думкі, перажыванні. Як можна агаляць чалавека, капацца ў яго душы. I думаць, думаць, думаць. Не толькі пра тое, што зроблена чалавекам за 50 год, a і пра тое, што зрабіў чалавек за ўсё сваё існаванне. Хто ён, чалавек? Чаму ён прыйшоў на зямлю, што ён тут павінен рабіць? Чалавек — вечнасць жыцця... Чалавек і Сусвет. Сам чалавек — таксама Сусвет.
3.7.68 г.
Даўно нічога не пішу, і гэта мяне нервуе. Розныя дробязі зусім замучылі. Як бы гэта зноў адысці ад розных умоўнасцей, быць самім сабою! Хочацца, як ніколі, адзіноты, спакою. Каб можна было думаць, не баючыся, што нехта цябе вось-вось некуды пакліча, нешта спытае ці нечага ў цябе запатрабуе...
Другі раз карысней не пісаць, чым пісаць. Але ў мяне гэткае, па-мойму, ужо скончылася. Хочацца зноў пісаць. Пісаць не так, як пісаў, а па-іншаму. 3 улікам перажытага ў апошні час, перадуманага, убачанага... Як-ніяк, а пасля "Апошніх і першых" я пахаваў бацьку, некалькі разоў пабываў дома, тады ў Маскве, 10 дзён жыў на Свіцязі, шмат з кім сустрэўся, многае пачуў... А колькі перачытаў усяго, колькі перадумаў чаго... Калі хачу быць у літаратуры, трэба забыць многае, што я рабіў, і пачынаць амаль нанова пісаць. Ці змагу я гэта?.. Здаецца, цяпер змагу.
26.5.69 г.
Прачытаў два раманы А.С. і раман Б.П. У рускіх, акрамя літаратуры афіцыйнай, ёсць па-сапраўднаму вялікая літаратура і цяпер. Яна аплявана, не прызнана ў нас, аб'яўлена чортведама чым. Але яна ёсць. Дарэчы, некалі былі гэтак жа апляваны і не прызнаны ў Расіі Пушкін, Радзішчаў, Гогаль, Дастаеўскі і г.д.
Шкада, але ў нас у Беларусі нічога падобнага няма. Літаратура спынілася на Багдановічу, Гарэцкім, Коласе, Купалу, Чорным. (...)
Трэба вучыцца. У Гогаля — дэталі, уменню маляваць. Мастак Гогаль — самы геніяльны, непераўзыдзены ў рускай літаратуры. У Талстога — бачыць рэчы, людзей аб’ёмна, усебакова, глыбока. У Дастаеўскага — філасофіі, заглядваць у тайнікі душы чалавека. Ёсць вялікая руская класіка, і ад яе трэба ісці. Як гэта зрабілі А.С. і Б.П.