Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 22

Борис Саченко

6.2.67 г.

Чутка прайшла: Казека рэдактарам у "Полымі" не будзе. Чавускі казаў, што бачыў у скверыку Танка. Ён быў сумны-сумны. Выйшаў толькі з ЦК. "Хто рэдактар?" — "Відаць, Кавалёў..."

Калі гэта так, літаратуры на бліжэйшую пяцігодку не бу­дзе. I "Полымя" таксама — Кавалёў яго "патушыць". I так яно не надта гарэла, але хоць тлела. Я працаваў у Кавалёва ў "Вожыку". Чалавек ён нядрэнны, жыць з ім можна. Але гэта ніякі не літаратар, нават не разумее, што такое літаратура. Творы яго — ніжэй крытыкі. I таму, відаць, іх ніхто асабліва і не крытыкаваў. А шкада. І.Гурскага не крытыкавалі, П.Кавалёва не крытыкавалі, і на іх робяць стаўку. Трэба было даваць фельетоны на іх творы, ганьбаваць — тады б сорамна было і тым, хто над намі, ставіць такіх людзей. А лепей — не друкаваць зусім іх твораў. Праўда, заўсёды стаіць пытанне — я іх хіба адкрываў, што мне трэба іх закрываць? А закрыць, не даць ходу такім — ніколі не позна. Выступіў бы Мележ, выказаўся б шчыра пра Гурскага, Кавалёва — і нетрапілі б у даклад. Маўчанне, замоўчванне — не заўсёды лепшы сродак барацьбы...

Вельмі баюся, каб Кавалёў мяне не "падняў". Рабіць тое, што ён будзе загадваць, ці змагу я. Пайсці ж з "Полымя" — куды? У "Полымі" хоць час вольны, можна сваё рабіць. У другім месцы і гэтага не будзе.

Памыліліся мы, што "пракацілі" П.Броўку. Хацелі яму хоць перад смерцю сказаць, што мы пра яго думаем. А выйшла што — няма "Маладосці", няма і "Полымя". Раней літаратура нейкая хоць была, часопісы былі. Цяпер — ёсць кіраўнікі, а кіраваць чым ім няма. (...) У Саюзе цяпер лепшыя пісьменнікі. А ім трэба быць ці за сваімі сталамі, ці за рэдактарскімі сталамі. 3 той работай, што яны робяць цяпер, справіліся б і не пісьменнікі, тэхнічныя сакратары.

Шкада "Полымя". Шкада "Маладосці". Шкада ўсёй беларускай літаратуры. Галоўнае — усё на ногі пачало было станавіцца. I так згубіць! Цяпер давядзецца ваяваць супраць лепшых нашых пісьменнікаў, хаця ўжо ведаем — не людзі вырашаюць усё, а месца. Трэба было, каб на месцы быў Броўка, — і ён быў. Цяпер з Танка хочуць зрабіць Броўку. I зробяць... Ужо, кажуць, ледзь вымову не далі за тое, што Саюз вылучыў на прэмію Быкава... Усе б'юць, крытыкуюць Быкава, Быкаў паводзіць сябе самастойна, а тут на табе — яго на прэмію.

Барацьба, што ідзе вакол "Полымя" і Саюза, захапляе і мяне. А трэба думаць пра другое — літаратуру, свае тво­ры. А я ўжо дні чатыры нічога не пішу. А гэта — дрэнна. У галаву тады лезе абы-што. Трэба пісаць, пісаць не гледзячы ні на што...