Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 21

Борис Саченко

I ўсё адно духам падаць не трэба. Трэба думаць, шукаць. А галоўнае — працаваць. Не думаць пра ўладу, прэміі, нават хлеб. Працаваць і працаваць. Толькі так нешта можна зрабіць...

4.2.67 г.

Учора пазваніла Сінельнікава. Адразу ж перайшла на "ты", хаця ні яна мяне, ні я яе не ведаў. Сказала: тут, у Мінску, знаходзіцца інструктар ЦК КПСС і хоча са мной пагаварыць. Я прыйшоў. Размова не выйшла такой, як я хацеў. Калі я пра нешта адмоўнае пачынаў гаварыць, перабівала Сінельнікава. Дый што гэта за мода новая — выклікаюць і ўчыняюць новы допыт. Не саромеюцца нават спытацца, хто твой лепшы сябра, чаму ты не ў партыі і г.д. Трымаўся я ўвогуле нядрэнна, стараўся "аджартоўвацца" ("смешачкамі"). Шчыра гаварыць — толку няма, — не ведаеш, дзеля чаго ў цябе гэта пытаюць, навошта гэта трэба. У такіх выпадках лепей за ўсё, каб была бачнасць шчырасці... Што я думаю пра Броўку, пра новых сакратароў? Як моладзь жыве? Над чым працую? Аўтабіяграфічны момант у творчасці? Вельмі цікавіў я іх як асоба...

Дзень прайшоў — не магу супакоіцца. Хто падказаў ім са мною пагаварыць? Чаму менавіта са мною? Што яны хацелі выведаць? Навошта... Усе на мяне падазрона глядзяць — чаму і Мазураў мяне клікаў, і гэтыя? I кватэру мне ад ЦК далі — чаму? Сапраўды — чаму?.. I ніхто, відаць, не паверыць, што я і сам не ведаю — чаму ўсё гэта?

Адзінага баюся: каб куды-небудзь не вылучылі. Адмаўляцца — ох, як нялёгка гэта рабіць. Ісці ж — гэта развітвацца з творчасцю. А я ўсё ж хачу разабрацца, што такое літаратура, хачу нешта напісаць. Для гэтага ж патрэбныя час, незалежнасць, свабода... Дый хто я такі, каб некаму дыктаваць, некім кіраваць... Ставілі рэдактарам аддзела, я рашуча адмовіўся. I цяпер бачу — правільна зрабіў. Хоць грошай меней, затое свабоды больш, клопату менш. Часу на свае творы і так не хапае.

Калі думаеш пісаць — старайся быць далей ад улады. (...) Творы, творы трэба пісаць — вось што трэба. Гэта я ве­даю. Ведаю добра.

А ў "Полымі" — хаос. Здымаем трэцюю частку рамана М.Лобана. Галоўліт. Ужо знялі аповесць А.Васілевіч. Цяпер — гэта. Не рэдактары цяпер мы, а цэнзары. Юбілейны год многім хочацца зрабіць ялейным. I бачу — зробяць.

5.2.67 г.

Газеты надрукавалі даклад П.Машэрава на Пленуме ЦК Беларусі. "Высокую ацэнку грамадскасці атрымалі раманы "Людзі на балоце" І.Мележа, "Вецер веку" І.Гурскага, драматычныя творы і сцэнарыі К.Губарэвіча, грамадзянская паэзія П.Броўкі, М.Танка..." Вось так! Таленавітае побач з бяздарным. Колькі разоў ужо гаварылася, што кіраўнікам варта не гаварыць пра тое, чаго яны не ведаюць, калі яны толькі хочуць, каб іх паважалі. Упэўнены — калі б П.Машэраў чытаў І.Гурскага ці таго ж Губарэвіча, ён не назваў бы іх творы. А можа... Ліха ведае, усё можа быць. Далі ж прэміі Танку — разам з ім Панчанку і Няфёду. Падраўнялі... У такіх выпадках, відаць, варта сапраўдным пісьменнікам адмаўляцца ад прэмій. Пад рознымі прычынамі, калі нельга шчыра сказаць — такой прэміі я не магу браць, бо: 1) ёю ў свой час узнагароджваліся людзі, якіх я ніколі не лічыў і не магу лічыць за пісьменнікаў; 2) калі я прыняў гэтую прэмію, я зраўняўся і з тымі людзьмі, а я лічу сябе вышэй; 3) на мне і на другіх, падобных мне, Камітэт набівае сабе цану, каб даваць прэміі людзям, патрэбным дзяржаве, але недалёкім ад літаратуры і г.д. (...)