Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 23

Борис Саченко

22.2.67 г.

Два тыдні працаваў. Ішло някепска, увогуле давольны работай. Не так тым, што зроблена, як тым, што працаваў над прозай, а не займаўся розным глупствам.

Клікалі ў ЦК. Марцалеў. Гаварыў са мною 30 мінут. Гаворка была вельмі таварыская, сяброўская. Пытаўся пра рабо­ту ў "Полымі", планы аддзела, пра некаторыя творы, што ёсць у партфелі. Потым даў пачытаць запіс перадачы радыёстанцыі "Свабода" па маёй апошняй аповесці. 5 старонак тэксту, хваляць мяне, з палітычнага боку адну толькі паметку зрабілі.

Заўсёды б так. А то калі палітычныя хібы знаходзяць там, нам нялёгка тут.

Развітаўся я з Марцалевым і падумаў — выклікалі не проста так, нешта трэба ад мяне, калі ўсюды завуць, выклікаюць. Перад гэтым быў на сустрэчы з фінскімі пісьменнікамі. Каб хаця падвышэння нейкага не прапанавалі! Выкручвацца будзе туга. Я хачу пісаць, толькі пісаць. Бо ў кіраўніцтве закруцішся — і бывай, проза.

Вылучылі дзве мае аповесці на прэмію. Прэміі, вядома, не дадуць, але, можа, лягчэй будзе выдаць кнігу, ганарару большага лягчэй будзе дабіцца. Каб не апошняе — зняў бы сябе з прэміі. Трэба не пра прэміі думаць, а пісаць, думаць, як лепш пісаць!.. (...)

25.2.67 г.

Сёння газеты надрукавалі Указ аб прысваенні званняў Героя Працы пісьменнікам. I, як заўсёды, побач з вартымі — кан'юнктуршчыкі, палітычныя прастытуткі. Карняйчук, Турсун-задэ, Тычына... Асабліва першы — што ён стварыў, астанецца пасля смерці ў яго хоць бы адзін радок? Быў бы сярод герояў і Броўка. З’езд адабраў у Броўкі гэтае званне. Забыты К.Паўстоўскі — адзін з найлепшых пісьменнікаў Расіі, жывы класік. Няма сярод узнагароджаных і Твардоўскага, Эрэнбурга. Усе яны вартыя такога звання. Некалі Горкага выкінулі з акадэмікаў Акадэміі славеснасці. Чэхаў і Караленка ў знак пратэсту выйшлі з ліку акадэмікаў. Цяпер гэтага ніхто не зробіць...

Танк казаў, што ў панядзелак вырашыцца справа з рэдактарам. У панядзелак, у 9 гадзін раніцы. Паглядзім, пачакаем — балазе, нядоўга чакаць...

4.3.67 г.

Зямля круціцца, падзеі адна змяняюць другую. Чутка пайшла — рэдактарам будзе І.Мележ. Больш дзвюх гадзін гаварыў па тэлефоне. I хочацца, і колецца... Я на яго месцы нікуды б не пайшоў. Сядзеў бы і пісаў бы, рабіў тое, што трэба зрабіць. (...) Дый што можа быць лепшага ў пісьменніка, як праца над сваімі творамі? Улада? Але нашто яна пісьменніку — каб хіба толькі расправіцца са сваімі праціўнікамі? Слава? Але слава толькі тады будзе славай, калі яна трымаецца на нечым, калі яна не ліпавая... Вядома, для літаратуры, можа, лепей, што прыйдзе Мележ у часопіс. Траціць сябе ў імя нечага? Не напісаць свайго ў імя таго, каб нехта напісаў? (...)

На абмеркаванні прозы ў Саюзе многа было сказана добрага, разумнага. I ўсё ж багата тых, асабліва з крытыкаў, забываюць, што літаратура — гэта перш за ўсё чалавеказнаўства. Заклікаюць да праўды, смеласці, а не да глыбіні, да смелага падыходу да чалавека. У Расіі, а тым больш у Беларусі, (...) не было свабоды ў тым сэнсе, у якім яна была ў іншых краінах. Таму ролю "будзіцеляў" народных брала на сябе літаратура, пісьменнікі. Цяпер таксама на літаратуру многія ўскладаюць тыя ж надзеі. Але літаратура — гэта перш за ўсё чалавек, а потым ужо грамадскія, сацыяльныя канфлікты. Hi Радзішчаў, ні Чарнышэўскі, ні Сляпцоў, Рашэтнікаў, Успенскі не сталі для свету тым, кім сталі Талстой, Дастаеўскі, Фет, Блок і г.д. (...) Не было б у Шолахава Аксінні, Наталлі, Мелехава, не было б станіцы з яе бытам, прыродай, людзьмі, не было б і "Тихого Дона". Задача: думаць пра чалавека, пісаць чалавека. Не месца робіць чалавека, а чалавек — месца...