Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 20

Борис Саченко

Адмаўляць Кафку, Камю, Іянэску могуць толькі адпетыя дурні. Здаецца мне, што мастацтва далей будзе развівацца па дарозе, якую праклалі яны. Дый, можа, не яны, а Гогаль са сваім "Носам".

Трэба і сабе больш эксперыментаваць менавіта ў гэтым напрамку. Рэалістычнае мастацтва, як я пераканаўся, стаіць вельмі блізка да натуралізму, ілюстратарства. Ратавалі раней яго глыбіня, вобразы, тайнікі чалавечых душ. Цяпер ратуе крытыка сацыяльнага. Філасофіі ж няма. А без яе — творы бяскрылыя, аднадзёнкі. Не ўсе гэта бачылі, а эксперыменты нейкія я рабіў. I ў "Англіцкай сталі", дзе за кожным канкрэтным чалавекам і яго дзеяннем стаіць народ — Расія, Польшча, Бе­ларусь і іншаземцы (Форстэр). Ёсць гэта і ў "Апошніх і першых", у малых апавяданнях.

2.2.67 г.

Глядзеў дакументальныя фільмы "Чурлёніс" і "Сезан". I яшчэ больш пераканаўся: мастак — гэта свет, створаны яго фантазіяй. Няма свайго свету — няма і мастака. У мастака ўсё павінна быць сваё — і почырк, і манера пісьма, стыль, а галоўнае — свет, свет, свет. I пра гэта больш за ўсё трэба думаць мне цяпер. Баюся, што стварыць свой свет мне не ўдасца. Прычын на гэта многа — і тое, што ў нас разумение мастацтва зусім іншае, чым павінна было быць на самай справе, роля мастацтва зведзена да ролі газеты, надзённасці, "прываднога паса партыі". Ды па гэтым яшчэ можна было б жыць. Нельга жыць, не еўшы. А хлеб даюць нам толькі за тое, што лічаць патрэбным, што ў нас купляюць. I мы, ледзь толькі навучыўшыся вадзіць пяром, штампуючы, робім тое, што трэба нашым спажыўцам. Дзе там думаць аб вялікім, тым, што будзе хваляваць народ праз вякі!

I ўсё ж па меры сіл і здольнасцей трэба пра гэта думаць. Можа, прыклад Тырса дэ Маліна прыдасца: ён пісаў для царквы п’есу і п'есу для сябе, на хлеб і на вечнасць.

Не шкадую, што паглядзеў два фільмы. Можна было ісці на нараду — там нехта з тых, што кіруюць мастацтвам (сёння мастацтвам, а заўтра, можа быць, дворнікамі ці райпрамкамбінатам) — даваў нейкія ўказанні... (Ах, як падобна гэта на тыя ж дакументальныя фільмы, што я глядзеў у тым жа тэатры: у фільмах вядомыя дзеячы давалі такія ж, відаць, указанні італьянскім і нямецкім творцам... Там дзеячаў тых даўно няма, а ў нас жывуць, кіруюць... Кіруюць усім, чым можна кіраваць і чым нельга... Прыклад пакажа кіраўніцтва — артыкул у "Прав­де" пра "Новый мир" і "Октябрь".