Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 24

Борис Саченко

11.3.67 г.

Аналізуючы многія творы нашай літаратуры, прыходжу да высновы, што адна з прычын іх слабасці — няма гістарызму, глыбіні. Героі паяўляюцца ў творах "бязродныя" — чытач не ведае нічога ні пра іх бацьку, маці, дзеда, прадзеда, не ведае ён нічога і пра тую зямлю, дзе пасяляюцца героі, — як тут нехта жыў да яго, якая сама была тады зямля. Пісьменніку абавязкова трэба адчуваць, ведаць, што да яго жылі людзі на зямлі, што тыя людзі цяпер — косці, тлен і што ён сам будзе хутка касцямі, тленам. Мала таго — у творах павінны быць нейкія і касмічныя парывы, парывы ў будучыню, прастор, адным словам, павінна быць праекцыя і ў мінулае, і ў будучыню. Гэта ёсць ва ўсіх лепшых творах — у Чорнага, у "Ціхім Доне", у Л.Талстога, Чэхава, Фолкнера, Лермантава, Пушкіна і г.д. Без гэтага няма добрага твора.

Глядзець калі не на пяць вякоў наперад і ўглыб, дык хаця на пяць пакаленняў!

Рэдактара ў нас няма. Ды ніхто і не гаворыць пра рэдактара. Надакучыла, абрыдла. Дый пра нішто ніхто не гаворыць. Юбілейны год. Кожны думае пра нешта сваё. 3 аднаго боку, гэта добра, з другога — не зусім.

12.3.67 г.

Гаварыў з М. Аказваецца, супраць яго павялі атакі. (...) Усё залежыць цяпер будзе ад ЦК і самога М. (...)

Няма пакуль што асобы, якая б з'яднала ўвесь Саюз. Броўка адышоў, але многа вельмі людзей, якія хочуць Броўкі. Калі не старога, то новага. (...)16.3.67 г.

Барацьба за "Полымя" ўступіла ў новую, апошнюю фазу. Гавораць — на гэтым тыдні ўсё скончыцца, нікога з сакратароў самі ж сакратары не пускаюць. Брыль заявіў, што калі хто з сакратароў здрадзіць і пойдзе на "Полымя", то ён падасць заяву аб сваім адыходзе з сакратароў. "Трэба ўсім быць разам, і толькі разам". I на "Полымя" асталіся старыя прэтэндэнты — Пашкевіч і Кавалёў. Пашкевіча параіў Панчанка, і сакратары згадзіліся, каб Пашкевіч браў "Полымя". Бачыла — за Пашкевіча, Скрыган — за Кавалёва. Скрыган пайшоў гаварыць з Тан­кам, каб не згаджаўся на Пашкевіча. Танк ад’язджаў у Маскву і займацца падборам рэдактара даручыў Шамякіну.

Пайшлі "Полымем" у Саюз. Сустрэлі Панчанку. "Ідзіце да нас рэдактарам". "3 радасцю 6!" — і падняў рукі. "Але што зробіш, калі бардак..." — і ён паказаў на Саюз, там якраз ішоў Сакратарыят.

А назаўтра зусім выпадкова сустрэліся ў Саюзе Адамчык, Стральцоў і я. 3 пяці гадзін да 10 вечара — спачатку ў Саюзе, потым на кватэры ў Мележа, за чаркаю — пераконвалі Мележа і Шамякіна ўтраіх, што нельга Пашкевічу аддаваць "По­лымя". (...) "Полымя" ж — гэта для Беларусі адзіны агеньчык, яго лёгка можна патушыць. Уся літаратура робіцца ў "Полымі". Надрукуецца — ёсць твор, ёсць пісьменнік. "Полымя", можа быць, важней за Сакратарыят.