Читать «Прыгоды Мармулка» онлайн - страница 16

Язэп Палубятка

Па вуліцы загрукаталі першыя трамваі, на чыгунцы лязгалі счэпамі вагонаў цягнікі. Мармулак ні аб чым не думаў, нічога не планаваў на будучае, а толькі абыякава назіраў за тым, што адбывалася наўкола. Вось нейкі стары ханыга, кудлаты, з нечасанаю галавою, абышоў сквер, пакорпаўся ў кожнай сметніцы, зазірнуў пад кожную лаўку, сабраў у рваную торбу пляшкі, што пакінулі за святую ночку пасля сябе закаханыя ды госці сталіцы, і знік за шчыльнымі радамі "камкоў". Міліцэйскі патруль яшчэ раз безвынікова прайшоўся па алеі і звярнуў на Маскоўскую вуліцу - можа, там пашанцуе. I зноў Пётр застаўся адзін на адзін з ранішняю ахалодаю.

Мармулак дрыжаў як асінавы ліст. Лязг зубоў перасільваў грукат электрычкі. Нечакана побач нехта сеў. 3 вялікаю патугаю Матыль павярнуў галаву да суседа. Нікчэмны стары шарамыга сядзеў з ім побач і сваімі бляклымі вачыма глядзеў на яго.

- Задубеў? - прашамкаў бяззубым ротам пачварнага выгляду дзед.

У адказ галава хлопца затрэслася яшчэ болей.

- На, глыкні піва, - рука ў жабрака трэслася рыхтык як Мармулкава галава. - Мо дапаможа.

Адразу было бачна, што стары разбіраўся ў піве, бо набыў лідскае, але піва было таксама халоднае і ад яго дрыжыкі апанавалі ўсё цела. Халодная шурпатая рука легла на лоб.

- Тэмпература ў цябе, - упэўнена зазначыў стары і сказаў, - Табе трэба адляжацца дзень-другі. Ідзі дамоў.

- А куды я пайду? ~ хлюпнуў носам Матыль. - Мне няма куды ісці.

- Справа зразумелая... тады хадзем да мяне.

Двухпакаёвая кватэра сучаснага жабрака мела даволі прыстойны выгляд. На сценах і падлозе - персідскія дываны як сімвал дабрабыту. Крышталёвыя вырабы ламалі паліцы шаф, а паліцы, поўныя кніг, ды піяніна казалі штосьці і пра духоўныя запатрабаванні таго, хто тут жыў.

"Жабрацтва, відаць, прыносіць някепскі прыбытак", - адзначыў для сябе Пятро, але сам гаспадар ніяк не патлумачыў тае сітуацыі, а толькі заўважыў:

- Ты ў мяне першы госць.

Першы госць няведама ад якога часу сапраўды пачуваў сябе дрэнна. Надта балела галава, ва ўсім целе адчуваўся жар, раз-пораз стала пакідаць свядомасць. Хацелася як мага хутчэй легчы ў ложак.

Гаспадар думаў на гэты конт інакш. Напачатку ён прагледзеў дакументы хворага. Прагледзеў больш уважліва, чым у міліцыі. Пасля гэтага прапанаваў абмыцца ў ванне. Пятро яшчэ помніў, як зайшоў туды і ўключыў ваду. Прачнуўся ён толькі праз тры дні ў чыстым ложку. На століку стаялі лекі, у пакоі была цішыня. Да прыбіральні і назад давялося ісці, трымаючыся за сценку. Хвароба сапраўды адняла шмат сілы.

Гаспадар з’явіўся пад вечар. Кішэні яго былі набітыя папяроваю драбязою, у асноўным пяцідзесяцікапеечнымі купюрамі. Стары вылажыў свой дзённы здабытак на стол, а сам пайшоў у ванну. Праз паўгадзіны часу вярнуўся, пераапрануты ў спартыўны імпартны касцюм. Схадзіў на кухню, прынёс адтуль пляшку каньяку, поўны сподак нарэзанай кружкамі сухое каўбасы і пару лустачак кменнага хлеба.