Читать «Ратуючы Агасфера. Эсэ пра айцоў і дзяцей» онлайн - страница 3

Ольгерд Иванович Бахаревич

Дзякуючы грошам, працягвае Вагнэр, яўрэі захапілі мастацкую крытыку ў свае спрытныя рукі. Грошы яўрэяў запэцканыя крывёй незлічоных хрысціянскіх рабоў. Усё, што мастацтва вякамі адваёўвала ў варожых яму цёмных сілаў, яўрэі ператварылі ў прадмет гандлю. Усё новае мастацтва набыло яўрэйскае адценне. Трэба прагнаць варожага нам дэмана з той непранікальнай паўцемры, якую мы, дабрадушныя гуманісты, самі на яго накінулі.

А дзеля гэтага, заклікае Вальнадумец, варта разабрацца, што ў яўрэях падаецца нам такім брыдкім.

Выгляд! Ну вядома ж, ён. Рысы яўрэйскіх твараў для нас непрыемна-чужыя. Раней яўрэі хаця б адчувалі, што гідкае аблічча — іхнае няшчасце. А цяпер цудоўна пачуваюцца з усімі гэтымі сваімі брыдкімі тварамі — а мы робім выгляд, што не заўважаем іхнай выродлівасці. Быццам іх адрознасць ад нас — проста адрознасць, і не больш. Але чаму тады з такім абліччам ніводзін яўрэй не сунецца на тэатральныя падмосткі? Я ў вас пытаюся, га? Вы можаце ўявіць сабе актора з яўрэйскай знешнасцю ў антычнай або сучаснай п’есе?

То ж бо то.

Выгляд, так. А яшчэ мова. Яўрэі гавораць моваю той нацыі, сярод якой жывуць, але гавораць як іншаземцы. Нават іхная ўласная мова захавалася хіба як мёртвая. Навучыўшыся ўсім еўрапейскім мовам, яўрэі не валодаюць імі прыродна, заблытаная балбатня або халоднае абыякавае гугненне — вось і ўсё, што мы ад іх чуем. Яны папросту не могуць выказвацца з сапраўднай, жывой жарсцю — і таму не здольныя да мастацтва, а перадусім — да музыкі (а ёй вывучыцца лягчэй за ўсё).

Якім жа чынам, па якім такім праве яны занялі ў ёй паноўныя месцы? — задаецца пытаннем Рыхард Вагнэр.

Яўрэя, які лезе ў мастацтва, цікавіць толькі форма; яму не зразумець душэўных парыванняў; ён не можа зрабіцца выразнікам цэлай супольнасці, бо яўрэі — адзінокія ў свеце; яўрэі здольныя толькі на тое, каб капіяваць ужо існыя ўзоры. Адукацыя высунула яўрэяў на паверхню грамадскага жыцця, канстатуе з сумнай мінаю Вагнэр, але адзіная музыка, якую яны здольныя ўспрымаць, — гэта спеў у сінагозе. У яўрэйскім жаргоне ўсё пераблытана і няма ніякай выразнасці, у яўрэйскай музыцы — тое самае.

Бываюць, вядома, выключэнні, неахвотна прызнаецца Вагнэр. Скажам, Мендэльсон-Бартольдзі, гэты мілы жыдок, меў і талент, і пачуццё гонару, і адукацыю; так, ён стварыў сёе-тое вартае ўвагі — але нават ён, як ні стараўся, не змог напісаць музыку, якая б нас, немцаў, па-сапраўднаму захапіла. Мендэльсон усяляк імкнуўся, каб нікчэмныя музычныя ідэі зрабіліся прыгожа выказанымі, — і гэтым толькі паспрыяў распусце ў густах. То бок таму самаму праславутаму яўрэйству. Ад якога мы, шчырыя слухачы, усе так пакутуем.