Читать «Ратуючы Агасфера. Эсэ пра айцоў і дзяцей» онлайн - страница 2

Ольгерд Иванович Бахаревич

“Яўрэйства ў музыцы” — не снабізм, не паталогія і не загана. Гэта нешта значна горшае. Гэта — шчырасць. У сваім тэксце Вагнэр сумленна і "грунтоўна" паспрабаваў разабрацца ў тым, што яму падавалася адначасова культурнай, мастацкай і сацыяльнай праблемай. Ён быў перакананы, што адважна прамаўляе ўголас тое, што іншыя баяцца сказаць. А яшчэ гэты абсурдны тэксцік — прыклад таго, што мастак адказвае за ўсё ім створанае. Нават за самае дробнае. Выходзячы за межы ўласнага “я”, мастак заражае сваімі хваробамі іншых. Нават лёгкі чых можа прывесці да эпідэміі. Вагнэр чхнуў і выйшаў з пакоя ў вечнасць. Нянавісць засталася, была ўдзячна ўдыхнутая — і разнесеная паўсюль, дзе яе чакалі.

“Яўрэйства ў музыцы” — тэкст атручанага часам чалавека. Часам, у які ён жыў — і які ён насамрэч так хацеў напоўніць гераізмам, прыгажосцю і чысцінёй. Выйшла ўсё зусім наадварот. Нянавісці паболела. Любові паменела. Мастак зрабіўся сцягам. Музыка — гімнам. Забабоны — законам. Кроў — крывёю. Атрута пырснула з кончыка дырыжорскай палачкі — а ён, Вагнэр, праціраў яе так пяшчотна.

Што ж гэта за тэкст такі, пракляты, шчыры і незабыўны?

3.

Палеміка ў “новым музычным часопісе” была прысвечаная так званаму “яўрэйскаму мастацкаму густу”. Ці існуе ён, ці густ гэта насамрэч — і ці могуць яўрэі наогул мець густ? Вагнэр ва ўступе да свайго артыкула прапануе не гарачыцца і “звярнуць увагу на факты прыкметныя і несумненныя”. І галоўны з такіх фактаў, на думку аўтара, — гэта “глыбокая, унутраная непрыхільнасць нашага народа да ўсяго яўрэйскага”. Не, піша Вагнэр, давайце не будзем гаварыць ні пра рэлігію (яўрэі тут для нас закаранелыя ворагі, не вартыя нават нянавісці), ні пра палітыку (хай з'язджаюць, мы будзем толькі радыя, але як жа шкада, што граф Ротшыльд не захацеў зрабіцца каралём яўрэяў, а вырашыў быць “яўрэем каралёў”).

Мы паводзіліся з імі высакародна, піша аўтар, мы былі добрыя хрысціяне, мы так імкнуліся да роўнасці, мы так падтрымлівалі яўрэйскую эмансіпацыю — але рабілі гэта не з сімпатыі да іх, мы змагаліся за ідэю, мы хацелі быць гуманістамі. І што ў выніку? Мы, немцы, наіўныя ідэалісты: нашая падтрымка роўнасці была проста ўбогімі скачкамі ў паветры. Цяпер ясна, што насамрэч гэта нам, немцам, варта дабівацца роўнасці, бо яўрэі і так больш, чым хто, уроўненыя ў правах. Яны, яўрэі, скарысталіся з гэтай роўнасці — і цяпер пануюць і будуць панаваць над намі, бо ў іхных руках грошы — адзіная сапраўдная сіла, перад якой мы — бяссільныя.