Читать «"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”» онлайн - страница 8

Юлія Бібіла

Сшытак 2

«Так всюду я влачу среди моих скитаний

Весь ад моей души, весь мрак пережитой,

И страх грядущего, и боль воспоминаний...»

С. Надсон

Нет! Грядущего не страх мне.

1916, декабрь. Ю.Б.

“Праблемы”

Два асноўныя пытанні мяне хвалявалі: пасля сканчэння школы і ў часы наведвання курсаў.

1. Чым жыць?

“У іншых жыццё бяжыць, як добра падмазаная машына, яны задаволеныя і шчаслівыя, сёння дзень мінуў - і дзякаваць богу. Але калі завядзецца ў душы чарвяк і ён точыць і грызе - бяда! Спакой гіне, нездаволены сабой, прагнеш не таго, што даецца, а таго, чаго няма. У чым жа сэнс? Чым жа жыць?” (з запісаў у студзені 1917 г.).

Чым жыць? Модамі? Парожняй балбатнёй? Выйсці замуж і на гэтым супакоіцца? Не, гэтым нельга задаволіцца.

Запісваючы неяк уражанні ад лекцыі Посэ (на тэму “Каханне ў творах і жыцці Л.М. Талстога”), якую ён закончыў заклікам да ідэйнай творчай працы, адзначаю: “Хочацца такой працы - яна неабходна як паветра; на нешта ж патрэбна “ухло­пать” сваё жыццё, а то пустата, пустата... Цікава, што я падумаю праз некалькі гадоў, прачытаўшы гэтыя словы? Як я аднак сумняваюся ў сабе. Я ўпэўнена, не змянюся ў гэтым, аднак гэта не шкодзіць сумненням лезці ў галаву. Хачу, хачу прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”

Далёкае, няўрымслівае дзяўчо!

Няўжо гэта я?

Чытаю я гэтыя словы не праз “некалькі” гадоў, а блізка што праз пяць дзясяткаў. Я не збочыла з накрэсленай сцежкі, на пражыла ўтрыманкай, працавала, як умела.

2-ое пытанне, якое мяне мучыла, - вайна. У пачатку вайны мая бялявая Зіна пайшла працаваць у бальніцу, мяркуючы стаць медыцынскай сястрой (запалу яе ненадоўга хапіла): сякія-такія з хлопцаў-гімназістаў, паддаўшыся патрыятычнаму запалу, пайшлі дабраахвотнікамі. А я?

Глыбока ўразілі мяне сцэны провадаў мабілізаваных. Маткі, жонкі... слёзы, слёзы. Можа гэта апошні раз цалуеш, пазіраеш у вочы?

А шнуры фурманак на шляху - гэта едуць выгнанцы-ўцекачы, пакінуўшы недабрахвотна свае абжытыя куты. Спатыкаліся і землякі з родных месц. Куды едуць? Што яны знойдуць там? А свежыя магілы паабапал шляху! А вогнішчы паблізу вакзалаў, на якіх гатуецца няхітрая страва - нямала дзён трэба чакаць пасадкі ў вагоны. Людзі знясіленыя, пачарнелыя. Старыя, дзеці...

А па гарадскім бруку зухаватыя, свежа спечаныя афіцэры дзынкаюць шпорамі. Вайна скончыцца перамогай праз пару месяцаў! Мы ім пакажам!..

І паказалі... спіны.

Мазурскія балоты... Здраднікі... Сухамлінаў... Самсонаў... Чытаю газеты. Там - ура! А ў душы ўсё больш і больш гучаць пацыфісцкія ноткі.

Паштоўкі з’явіліся з “героем”, на іх намалёван казак Кузьма Кручкоў і нанізаныя на яго піку ворагі. Яны мяне абуралі.

Улетку 1915 і 1916 гг. я жыла паблізу Радашковіч у сям’і паляка (з Люблінскай губ.), які служыў у маёнтку пана Валадковіча. Трое дзяцей былі маімі вучнямі (у горадзе мы жылі ў аднэй кватэры).

Выйдзеш, бывала, на шлях, калі звечарэе, і слухаеш, як стогне зямля - фронт быў недалёка. Гэты стогн болем адбіваўся ў сэрцы. А цягнікі з калекамі, параненымі... Не дзіва, што ў маіх запісах часта спатыкаюцца словы абурэння вайной.