Читать «"...Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!”» онлайн - страница 7

Юлія Бібіла

Алесь А. Ён з’явіўся ў Б[абруйску] неяк у пачатку 1921 г. (у лютым у мяне маецца запіс пра яго). Шмат шуму ён нарабіў. Выступаў на добрай беларускай мове, граміў “заалагічныя адносіны да справы нац[ыянальнага] адраджэння” (яго словы). Канкрэтна пра яго работу цяжка ўспомніць, можна наблытаць, але ўражанне асабістае захавалася выразнае. Колькі яму было гадоў? Відаць 20-21, можа з невялікім гакам. Круглатвары, нейкі мяккі выраз вуснаў, чупрына. Хадзіў у кажушку. Сябе характарызаваў так: “Душа мая нібы гэты кажух: аўчына добрая, але не вырабленая”. Я прыглядалася да яго, і ў мяне склалася ўражанне, што ў яго характары нейкая дваістасць, спалучэнне розных процілеглых якасцей. Характар адкрыты і разам з тым хітраваты. Адным словам, трымай вуха востра. Самакрытычнасць і доля какецтва. Добры і можа быць жорсткім. На яго круглым твары кожны мускул жыве: выраз мяняецца штохвілінна. Можна чакаць ад яго самага ўзнёслага і дробязнага. З маёй маткай яны сябравалі. Бывае, зойдзе ён увечары, а яна знойдзе чым яго пачаставаць: забеленым крупнікам або заціркаю - галаднавата было. Любіў ён вострае слова. Матка таксама не адставала. Часта я чула ўрыўкі вершаў Купалы або Маякоўскага. “.На шумные ладони площадей мы каждый день расплескиваем душу”, любіў паўтараць. Не без яго ўдзелу быў наладжаны беларускі клуб, дзе збіралася моладзь. Запас навін, здарэнняў у яго быў заўсёды не малы.

Успамінаецца адзін выпадак, калі ён выступаў у якасці асобна ўпаўнаважанага па барацьбе з бандытызмам. Гэта было ўлетку 1921 г., у вёсцы за 30 км ад Б[абруйску]. Мяне прызначылі туды на дзіцячую пляцоўку, якая змяшчалася ў недалёкім былым палацы ўцёкшага пана. Там мне далі пакой, а вялікую залу абсталявалі пад клуб. Мясцовыя настаўнікі надумаліся ставіць спектаклі, я таксама прымала ўдзел. Ставілі беларускую п’есу рэвалюцыйнага зместу “Калісь”. А. незадоўга да гэтага прыехаў сюды, як ўпаўнаважаны. Зала была перапоўнена, гледачы прыймалі спектаклі горача, “артысты” былі задаволены, яны не ведалі, якія драматычныя сцэны адбываліся па-за сценамі клуба. Да ўпаўнаважанага напярэдадні з’явіўся стораж палаца і сказаў яму, што можна чакаць нападу бандытаў. Ён мяркуе гэта па таму, што на гарышчы ён знайшоў скамечаную салому: відаць, начаваў нехта, можа і бандыт. Гэта насцярожыла. Але другое яго паведамленне было больш сенсацыйным: з бандытамі звязана... я. Ён клянецца, што бачыў мяне ў прыцемку, надвячоркам, калі я з нейкім мужчынам пайшла ў напрамку лесу. Уяўляю я сабе гэту сцэну, бо гэтым мужчынам быў сам. упаўнаважаны, а накіроўваліся мы да знаёмых у бальніцу, якая мясцілася за вёскаю ў барку. Якую кару прыдумаў упаўнаважаны гэтаму хлусу, які можа сваёй пільнасцю хацеў заваяваць яго давер? Здаецца, да высвятлення справы замкнуў яго ў канцылярыі, ці дзе яшчэ. Асабліва А. абурыла, калі той паўтараў: “Я не ведаў, што яна Ваша сястра!” Значыцца, на не сястру начальніка можна валіць, што хочаш. Аднак, на ўсякі выпадак у часе спектаклю ў парку стаялі ўзброеныя людзі. Ніякага нападу не адбылося.