Читать «Мая бібліятэка. Паліца першая» онлайн - страница 71

Янка Сипаков

А гэта ўжо цесная, як труна, камера-адзіночка для дзекабрыстаў. Спачатку яны, гэтыя драўляныя цэлі, былі без вокан. На малюнку — ужо з невялічкім акенцам пад столлю: пасля вялікай валаводы іх усё ж, хоць і вельмі высока, аднак прарэзалі. У гэтых цэлях жылі катаржнікі, у іх яны сустракаліся і з жонкамі, якія прыехалі да іх у Сібір. Тут жа зачыналі і дзяцей, якія, нашчадкі князёў і графаў, адразу запісваліся ў дваровыя сяляне.

Нічога не паробіш — усе ж яны давалі вось такія падпіскі: «Имея желание жить в арестантской казарме вместе с мужем моим».

Разумееце, жаданне!

І да генерал-маёра, асуджанага па чацвёртым разрадзе (на пасяленне) — памятаеце, указанне «яго імператарскай вялікасці»: «крыху лягчэй, але строга»? — таксама прыехала жонка. Генеральша Наталля Дзмітрыеўна, з роду Апухціных, была цвёрдая, рашучая, энергічная, аднак і вельмі таварыская, вясёлая жанчына. Крыху дзівакаватая — любіла нечаканасці.

Ніхто не разумеў яе, калі яна ў 16 год спрабавала ўцячы ў манастыр.

Ніхто не зразумеў Наталлю і тады, калі яна, васемнаццацігадовая, здзівіўшы ўсіх, выскачыла замуж за Фанвізіна: стрыечны дзядзька, амаль саракагадовы гене­рал, на дваццаць гадоў старэйшы за яе.

Тады некаторыя ў гэтым замужжы ўбачылі высакародныя рысы ахвярнасці юнай пляменніцы — Міхаіл Аляксандравіч уратаваў яе бацьку ад немінучага разарэння.

Усе лічылі, што вобраз Таццяны Пушкін спісаў менавіта з яе, Наталлі Дзмітрыеўны. Гэтак жа думала і яна сама. У пісьме да сябра Пушкіна, Івана Іванавіча Пушчына, яна піша: «Ваш прыяцель Аляксандр Сяргеевіч, як паэт, выдатна і правільна схапіў мой характар, палкі, летуценны і засяроджаны ў сабе, і цудоўна апісаў першае яго праяўленне пры ўваходжанні ў жыццё свядомае».

І вось гэтая летуценная жанчына ўжо ў халоднай і падазронай Сібіры. Яна, не баючыся нікога і нічога, называе свайго мужа, «дзяржаўнага злачынцу», толькі «мой генерал-маёр».

Неўтаймоўная, не можа сядзець на месцы. Едзе ў Ялутараўск, каб наведаць тамтэйшую калонію дзекабрыстаў. Едзе без дазволу ўлады. І атрымлівае вымову. Ад генерал-губернатара Г арчакова. Дарэчы, свайго далёкага родзіча, які патрабуе даць падпіску аб нявыездзе. Фанвізіна абураецца, бунтуе, шле скаргу ў Пецярбург — маўляў, «мясцовае начальства робіць мне абмежаванні». І ў яе справу ўжо ўмешваецца сам імператар. Статс-сакратар яго імператарскай вялікасці князь Галіцын піша Наталлі Дзмітрыеўне:

«Сёння генерал-ад’ютант граф Арлоў паведаміў мне, што па ўсепадданейшым дакладзе яго ўпамянутага прашэння спадарыні Фон-Візінай гасудар імператар найвысачэйша загадаць пажадаў: аб’явіць ёй, што яна, на аснове існуючых пастаноў, павінна падлягаць усім тым абмежаванням, якім падпарадкаваны яе муж».

І ўсё ж маладая і дзейсная жанчына не супакойваецца.

Калі пасля дваццаці пяці гадоў пасля паўстання дзекабрыстаў, на катаргу везлі ў Сібір петрашэўцаў, яна, чым магла, імкнулася ім дапамагчы. Насуперак усім цяжкасцям, Наталля Дзмітрыеўна з іншымі дзекабрысткамі сустракаецца з петрашэўцамі ў астрозе.

Вось што Фанвізіна гаварыла пра самога Петрашэўскага: