Читать «Мая бібліятэка. Паліца першая» онлайн - страница 72

Янка Сипаков

«Божа мой, у якім жахлівым стане знайшла я няшчаснага. Увесь аблытаны жалезам, хворы, знясілены. Ён паспеў мне сказаць шмат пра што, але такое, што сэрца маё аблілося крывёю».

А вось як пра іх, дзекабрыстак, якія дамагліся гэтай тайнай сустрэчы, піша Дастаеўскі, які ў ліку петрашэўцаў быў у перасыльным астрозе:

«Мы ўбачылі гэтых вялікіх пакутніц, што добраахвотна паехалі за сваімі мужамі ў Сібір. Яны блаславілі нас у новы шлях, перахрысцілі і кожнаму падарылі Евангелле — адзіную кнігу, якая дазволена ў астрозе. Чатыры гады праляжала яна пад маёю падушкаю на катарзе». «Якія цудоўныя душы!» — усклікае ён у другім месцы.

Наталля Дзмітрыеўна, даведаўшыся, што Дастаеўскага і Дурава адпраўляюць у Омск, дамаўляецца з жандарамі і едзе за Іртыш, каб правесці іх. І гэта ў трыццаціградусны мароз! Чакаюць, доўга чакаюць у голым полі, калі арыштантаў будуць везці. І ўсё ж, хоць і баючыся, каб хтосьці з праезджых не ўбачыў яе разам з катаржнікамі — «кайданы бразгалі на іхніх нагах» — паспявае пажадаць ім шчаслівага шляху, перадаць сабранае ў дарогу.

Наталля Дзмітрыеўна перапісвалася з Дастаеўскім, а потым, пасля амністыі, калі яны з Міхаілам Аляксандравічам вярнуліся з Сібіры, у маёнтку ФанвізіныхПушчыных у Мар’іна, што ў Падмаскоўі, доўга жыў петрашэвец Дураў.

А Евангелле, падараванае Наталляй Дзмітрыеўнай — і па яе ж задуме! — у сям’і Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага заўсёды бераглося як рэліквія.

Хапае ў Фанвізіных і сваіх клопатаў ды выпрабаванняў. Яны навечна разлучаны са сваімі дзецьмі. Ім таксама, як і ўсім дзекабрыстам, не дазволілі забраць дзяцей з сабою ў Сібір.

Калі мужа арыштавалі, маладая жонка засталася з двухгадовым Дзмітрыем і цяжарная другім сынам, які народзіцца, калі бацька ўжо будзе ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Маленькія Міця і Міша засталіся на руках і даглядзе бабулі Марыі Паўлаўны Апухцінай.

Маці, схільная да медытацызму, у адчаі. У сваіх пісьмах яна рыдае:

«Мець сына і не ведаць яго, страціць яго, неўведаўшы, не мець магчымасці захаваць пра яго нават успамін, не мець уяўлення пра пагляд яго, ні пра голас, ні пра фігуру, ні пра характар, і, кажуць, што гэта лягчэй!.. Ах, не! Я страціла сына навекі і зусім, і ў мінулым і ў будучым, страціла ўсё без астатку — гэта жахліва! Толькі маці, якая знаходзіцца ў маім становішчы, могуць зразумець маё гора, але і ў іх застаюцца хоць успаміны, а ў мяне і тых няма: гора, гора і гора!»

Міця і Міша, якія раслі ў бабулі шалапутамі, памерлі вельмі рана — адзін у дваццаць пяць, а другі — у дваццаць шэсць гадоў.

Наталля Дзмітрыеўна і ў Сібіры раджала двойчы, але дзеці паміралі.

Потым, пасля амністыі, ужо ў маёнтку Мар’іна Бронніцкага павета на Маскоўшчыне, памёр і муж Міхаіл Аляксандравіч Фанвізін.

І Наталля Дзмітрыеўна засумавала. Па чым вы думаеце? Па Сібіры, па катарзе!

«Прызнаюся Вам, што не хутка параднюся я з цяперашнім жыццём. Прывыкшы быць у Чыце і Пятроўскім нібыта ў коле родных столькі гадоў, не перастану шкадаваць пра ранейшы лад жыцця», — прызнаецца яна ў пісьмах.

Два гады Фанвізіна займаецца гаспадаркай, а потым таемна, пад выглядам паездкі ў свае далёкія маёнткі, едзе ў Сібір, да сяброў.