Читать «Мая бібліятэка. Паліца першая» онлайн - страница 69

Янка Сипаков

Марыя Мікалаеўна Валконская, Кацярына Іванаўна Трубяцкая, Марыя Казіміраўна Юшнеўская, Аляксандра Іванаўна Давыдава, Каміла Пятроўна Іванова, Лізавета Пятроўна Нарышкіна, Ганна Васільеўна Розен, Аляксандра Рыгораўна Мураўёва, Наталля Дзмітрыеўна Фанвізіна, Паліна Ягораўна Аненкава.

Усе яны — графіні, княжны, баранесы, генеральшы, жонкі палкоўнікаў ды падпалкоўнікаў. Маладыя і прыгожыя, амаль дзяўчаткі — ім жа тады ў асноўным было ўсяго па 20—25 гадоў! Але ўсе ужо задумлівыя і зажураныя — хоць бы дзе адна ўсмешка.

Яны, шукаючы ў далёкай Сібіры, завеянай снягамі і скаванай марозамі, тыя Нерчынскія руднікі, той Чыцінскі астрог, той Пятроўскі завод, не па гадах пасталелі, зрабіліся дарослымі.

У Сібір на катаргу сасланы 23 жанатыя дзекабрысты. Яны ж — маладыя! Хтосьці толькі што ажаніўся, жонкі ж іншых ужо цяжарныя, чакаюць дзяцей. Словам, жонкі чакаюць дзяцей, а мужы — арышту. Пасля задушэння паўстання, нібы на зло ўсяму, у іх, катаржан, з’явілася на свет аж дзевяць немаўлятак!

І вось яны, гэтыя дзяўчынкі, вераніцаю, адна за адной паехалі за сваімі, закаванымі ў кайданы, мужамі. У турмы, у астрогі, абгароджаныя зацясаным уверсе коллем. У руднікі, «во глубину сибирских руд».

І праўда, подзвіг, вялікі, не зважаючы ні на што, подзвіг зрабілі дзекабры­сты! Аднак яшчэ большы, здаецца, подзвіг, подзвіг-ахвяра, іхні, жонак дзекабрыстаў.

Яны, маладыя, прыгожыя, у самым росквіце жыцця, ім бы толькі радавацца гэтай сваёй маладосці і дзетароднасці. Ім бы толькі жыць і цешыцца жыццём. А яны ірвуцца ў добраахвотнае выгнанне, у астрожныя камеры сваіх каханых.

Яны адмаўляюцца ад самога жыцця, каб толькі быць побач са сваімі каханымі.

Салоны, балы, дастатак, бляск, уборы, свецкае кола такіх жа, як і яны самі, шчаслівых людзей, назаўсёды застаецца ў мінулым. Яны ведаюць і разумеюць, што і там шчаслівымі ўжо ніколі не будуць, аднак ўсё роўна едуць. Пакідаюць бацькам сваіх, народжаных на волі дзетак — малалетак, якіх цар не дазваляе браць з сабою ў Сібір, і едуць у няволю.

Там немагчыма быць шчаслівымі! Бо і мінулае, і будучыня несумненна будзе помсціць ім за іхніх мужоў, якіх не кінулі яны ў бядзе.

І назад ужо амаль ніхто з іх і ніколі не вернецца.

Першаю ў дарогу збіралася Кацярына Іванаўна Трубяцкая. Яна паехала ўслед за мужам, князем Сяргеем, на другі ж дзень пасля ягонага ад’езду. Яе суправаджаў бацькаў сакратар Карл Вашэ.

Мне чамусьці здаецца, што калі б быў жывы Рылееў, яго жонка Наталля Міхайлаўна паехала б у Сібір першаю — так пяшчотна і роспачна любіла яна свайго мужа! Памятаеце: «Няўжо ты можаш думаць, што я магу існаваць без цябе? Куды б лёс не павёў цябе, я заўсёды пайду за табой. Не, адна смерць можа разарваць святую повязь шлюбу».

Кацярына Іванаўна Трубяцкая, народжаная графіня Лаваль, францужанка, так­сама была мужная і настойлівая.

У Краснаярску зламалася карэта. Трубяцкая адна перасаджваецца ў тарантас.

У Іркуцку губернатар запалохвае яе, патрабуе зноў пісьмовага адрачэння ад усіх правоў (яна гэта падпісала ўжо ў Пецярбургу!). і Трубяцкая, не раздумваючы, усё падпісвае.