Читать «Мая бібліятэка. Паліца першая» онлайн - страница 70

Янка Сипаков

Праз колькі дзён той жа губернатар Цэйдлер аб’яўляе былой княгіні, што далейшы шлях яна прадоўжыць «па канату» — разам з крымінальнымі злачынцамі. Яна адразу ж згаджаецца і на гэта.

За ёю ўжо едуць Валконская і Мураўёва.

Мураўёва да самазабыцця кахала свайго Нікітушку. Калі ўжо на катарзе хтосьці, жартуючы, запытаўся, каго яна больш любіць, мужа ці бога, яна сур’ёзна адказала, «што сам бог не пакрыўдзіцца за тое, што яна Нікітушку любіць больш».

Аляксандра Рыгораўна, шчыра любячы свайго мужа, так і памерла ў Сібіры, на Пятроўскім заводзе, вельмі заўчасна — усяго ў 28 гадоў.

Крыху іншы шлях быў у Марыі Валконскай.

Дзевятнаццацігадовая, не пярэчачы волі бацькі, яна пакорна выходзіць замуж за генерала, князя Валконскага, немаладога (яму ўжо трыцаць сем гадоў!), непрыгожага, але знакамітага і багатага.

Ён удзельнік 58 бітваў, званне генерал-маёра яму прысвоілі ў дваццаць чатыры гады.

Іх вяселле супала з годам паўстання. Яны пражылі разам усяго толькі некалькі месяцаў. І яшчэ не паспелі як след разабрацца адно ў адным.

«Мае бацькі думалі, што забяспечылі мне бліскучую, на думку свету, будучыню», — горка ўсміхнецца ў канцы жыцця Марыя Мікалаеўна.

Вось яе партрэт з галерэі Бястужава. Іх аж два: на фоне Чыцінскага астрога — сцяна з востраколля, часавы з прымкнутым штыхом перад уваходам у астрог; і ўжо ў 1837 годзе ў Пятроўскім заводзе: смутак у яе вачах здаецца самым большым, чым ва ўсіх астатніх дзекабрыстак.

Але і яна: «Паеду!» Усе яе адгаворваюць, нават забараняюць ехаць. А яна — сваё: «Паеду!»

Цяжкае развітанне з сынам, якога змушана была пакінуць назаўсёды, і яна едзе шукаць той Благадатны руднік, дзе разжалаваны князь Сяргей Рыгоравіч Валконскі ўжо здабываў свінец.

Сем тысяч вёрстаў шляху, завеяных мяцеліцамі.

А ёй жа, захапляўся і, кажуць, нават кахаў яе Аляксандр Сяргеевіч Пушкін.

Нарэшце, Валконская прыязджае на руднік. Муж, бразгаючы кайданамі, бяжыць да жонкі.

«Выгляд яго кайданоў, — успамінала Марыя Мікалаеўна пазней, — так расхваляваў і расчуліў мяне, што я кінулася перад ім на калені і пацалавала спачатку яго кайданы, а потым і яго самога».

Але гэта яшчэ будзе потым, потым, потым.

А пакуль што яны едуць.

Валконская і Мураўёва дагналі Трубяцкую недзе каля Байкала.

«Трубяцкая, Валконская і Мураўёва паехалі за Байкал, — іх прымусілі падпісаць адрачэнні ад званняў сваіх, і я баюся, што іх становішча будзе цяжкім», — пісаў таксама з дарогі генерал-маёр Міхаіл Аляксандравіч Фанвізін.

А праз год на катаргу, у Чыцінскі астрог прыехала і ягоная жонка — Наталля Дзмітрыеўна Фанвізіна.

Зноў жа акварэлі Бястужава. Жонкі дзекабрыстаў перад Чыцінскім астрогам. Яны — маленькія-маленькія, а ён — вялікі, нават вялізны, аднак нейкі аселы — як магіла. Толькі і відны сцены з тоўстых, зацясаных зверху, колляў. На фоне высокіх сопак.

А вось унутраны выгляд аднаго з аддзяленняў Пятроўскага астрога. Зноў жа адны сцены з колля. Аднак ужо з сярэдзіны. І тыя ж сопкі, што ўзвышаюцца за сценамі. Толькі ўжо з хмарамі за імі. А ў сярэдзіне астрога — пуста: як усё роўна павыміралі ўсе...