Читать «Мая бібліятэка. Паліца першая» онлайн - страница 68

Янка Сипаков

Дзяўчынка. А я, мама, добра помню чорнага чалавека, які загарнуў мяне ў коўдру. Я яго адразу ж пазнаю. Як бы мне хацелася яго ўбачыць, пацалаваць.

Баналь (аддае шэптам нейкі загад пісару. Неўзабаве жандар уводзіць у залу пасяджэння чалавек дзесяць.). Зірні на гэтых людзей, дзіця, ці ведаеш ты кагонебудзь з іх?

Дзяўчынка (шукае вачыма знаёмы твар і нарэшце радасна кідаецца на шыю Піту). Вось хто ўратаваў мяне!.. Ён загарнуў мяне ў коўдру і вынес з агню. Ага, гэта ён, не рабіце яму зла, спадар афіцэр, адпусціце яго з намі.

Баналь (звяртаючыся да Піта). Вы ўсё яшчэ будзеце адмаўляцца?

Капрал Піту. Не, прызнаюся! (Цалуючы дзяўчынку). Бедны анёлачак, ты загубіла мяне. Цяпер мне не мінаваць смяротнага прысуду. І аднак жа, калі б я даў табе згарэць. (Расчулена). Але ж у мяне ў самога ёсць жонка і дачка! (Выходзіць. Па знаку Баналя жандары выводзяць астатніх камунараў).

Уражвае! Як усё неадназначна ў любой рэвалюцыі!

А вось побач з «Парыжскай Камунай» Жуля Валеса на маёй кніжнай паліцы стаіць таксама просценькая, здавалася б, непрыкметная, амаль брашурка, кніжачка «У добраахвотным выгнанні» Элеаноры Паўлючэнкі.

На мой погляд, дзекабрыстыка ў мяне сабрана, здаецца, няблага: двухтомнік «Пісьменнікі-дзекабрысты ва ўспамінах сучаснікаў» у «Серыі літаратурных мемуараў», томікі і тамы, двухтомнікі выбраных твораў дзекабрыстаў Кандрація Рылеева, Аляксандра Адоеўскага, Вільгельма Кюхельбекера, Аляксандра Бястужава (Марлінскага), першага дзекабрыста Уладзіміра Раеўскага, у «ЖЗЛ» — біяграфіі Рылеева і Адоеўскага, успаміны найлепшага сябра Пушкіна — Івана Іванавіча Пушчына, акварэлі Мікалая Бястужава, на якіх — Чыцінскі астрог і жыццё катаржан.

Вядома, самым прыкметным і папулярным паэтам сярод катаржан быў князь Аляксандр Адоеўскі. Гэта ён напісаў адказ на пасланне Пушкіна ў Сібір:

Струн вещих пламенные звуки

До сердца нашего дошли.

К мечам рванулись наши руки,

Но лишь оковы обрели.

Потым, калі яго па загадзе цара адправілі радавым у Каўказскі корпус, ён пасябраваў там з Міхаілам Лермантавым, які прысвяціў яму свой верш «Памяці А. І. Адоеўскага».

Аляксандр Бястужаў-Марлінскі быў крыху ў ценю сваіх сяброў — Рылеева і Адоеўскага. Ён — паплечнік Рылеева, з якім яны разам выдавалі «Полярную звез­ду», ён сябра Пушкіна, які гаварыў пра яго як пра «чалавека ў вышэйшай ступені сімпатычнага, дасціпнага, але калючага», чалавека, які заўсёды выклікае спрэчкі. 14 снежня Бястужаў вывеў на Сенацкую плошчу Маскоўскі полк. Яго абвінавацілі ў тым, што ён «задумваў царазабойства і знішчэнне царскай сям’і», і прысудзілі да вышэйшай меры пакарання — да адсячэння галавы, якое заменена было потым катаргаю. Затым ён служыў радавым на Каўказе і загінуў у сутычцы з горцамі.

Старэйшы з братоў Бястужавых — Мікалай Аляксандравіч — прывёў на Сенацкую 1100 матросаў Гвардзейскага экіпажа. Адбываў катаргу на Нерчынскіх рудніках. А ў ссылцы ён адкрыў у сабе яшчэ адзін выключны талент і зрабіўся славутым сярод катаржан мастаком.

Мікалай Бястужаў стварыў цэлую галерэю выдатных жаночых партрэтаў!