Читать «Мая бібліятэка. Паліца першая» онлайн - страница 67

Янка Сипаков

«Трэцяга дня, — піша Наталля Міхайлаўна мужу, — парадаваў мяне бог: імператар прыслаў тваю запіску і ўслед за гэтым 2 000 р. і дазвол пасылаць табе бялізну. Пры гэтым пасылаю табе дзве сарочкі, двое панчох, дзве хустачкі, ручнік».

І праз некалькі дзён: «Дабрачынная імператрыца Аляксандра Фёдараўна прыслала мне 22 чысла, гэта значыць у імяніны Насценькі, тысячу рублёў».

Грошы жонцы свайго ворага. Аляксандра Фёдараўна не ведала, навошта яна тое робіць, але ж пасылала.

А для імператара гэта была ўсяго толькі следчая хітрасць. Рылееў паверыў у шчырасць і раскрыўся. Поўнасцю!

Бог ведае, што тады рабілася ў Пецярбургу!

Бацька дзекабрыста Н. В. Шарамецьева, стары служака, адмаўляецца ад сына і просіць цара пакараць яго як найстражэй.

Маці Сяргея Валконскага, як і да арышту сына, усё роўна выконвае абавязкі першай статс-дамы, жыве ў царскім палацы і абедае за адным сталом з Мікалаем І.

Брат Пестэля адначасова з загадам пра павешаннне пяці дзекабрыстаў, сярод якіх быў і Павел Пестэль, атрымлівае ад цара флігель-ад’ютанцкія аксельбанты.

Але ж, не зважаючы на гэта, цар быў бязлітасны.

Імператар вырашыў не толькі самаму быць жорсткім, а і Еўропу, увесь свет навучыць жорсткасці: «Я буду няўмольны; я павінен даць урок Расіі і Еўропе». Мікалаю І здавалася, што Еўропа ў расправе з паўстанцамі «слишком плохо держит себя».

Мусіць, сяму-таму ў Мікалая-вешальніка, амаль праз пяцьдзесят гадоў пасля задушэння ім паўстання дзекабрыстаў, вучыліся і французскія ворагі Парыжскай Камуны, якая праіснавала ў гісторыі чалавецтва ўсяго толькі 72 дні.

Чакайце, у мяне ж недзе была кніга, што так і называлася «Парыжская Камуна» — п’еса Жуля Валеса, якая выйшла ў свет у «Літаратурных помніках» у 1974 годзе ў Маскве.

Французскі пісьменнік Жуль Валес быў відным камунарам, удзельнічаў у паўстанні 31 кастрычніка 1870 года, быў членам ЦК дваццаці акруг Парыжа, членам Парыжскай камуны, удзельнічаў падчас «Крывавага тыдня» ў барыкаднай барацьбе, быў асуджаны на смяротную кару і ўратаваўся толькі эмігрыраваўшы ў Бельгію, потым — у Швейцарыю.

Вось як ён у сваім творы падае фрагмент пасля задушэння Камуны, у якім нібыта і сам здзіўляецца, калі раптам дабро нечакана нараджае зло...

«Баналь. Вас выклікалі, спадарыня, як сведку падзеі, пра якую вы, вядома, не забыліся. Вы ж ледзь не страцілі дачку падчас пажару, калі быў падпалены ваш дом ля перакрыжавання Чырвонага Крыжа.

Дама. Цяжка ўспамінаць пра тое, васпан. Калі б не смяльчак, які з рызыкаю для жыцця выратаваў маю дачку Луізу, яна загінула б. а між тым гэты чалавек — федэрат.

Баналь. Ці не той гэта капрал, які быў адным з падпальшчыкаў дома?

Дама. Ага, спадар, як гэта не дзіўна. Федэраты лічылі, што гэта іх абавязак.

Баналь. Скажыце, вы пазналі б гэтага чалавека?

Дама (пасля хвіліннага роздуму). Наўрад ці. У гэтай сумятні я зусім страціла галаву. Прыпамінаю закуродымлены твар, абгарэлую бараду — гэты добры чалавек ледзь не загінуў, васпан, — ды яшчэ грубы голас, які сказаў мне: «Вось яна, вазьміце сваю дзяўчынку!».