Читать «Мая бібліятэка. Паліца першая» онлайн - страница 66

Янка Сипаков

Не па сабе робіцца, калі чытаеш, як яны, ужо ў рове Кранверкскай курціны, дзе збудавана вісельня, чакаючы, калі прывязуць з Вучылішча гандлёвага мораплавання лаўкі — вельмі высокую вісельню збудавалі! — якія выб’юць потым у іх з-пад ног, як яны, седзячы на траве, нарваўшы травінак, цягнуць жэрабя, каму першым, каму другім, трэцім ісці на эшафот і потым на дзіва строга прытрымліваюцца гэтай чаргі.

І яшчэ жахлівей уявіць сабе, як трое павешаных — Мураўёў-Апостал, Бястужаў-Румін і Рылееў — зрываюцца з вісельні жывымі. вяроўкі няякасныя, рознага памеру, ірвуцца. А ахвяры са звязанымі рукамі — сам жа Рылееў падказаў кату звязаць ім рукі.

Хтосьці з салдат заўважыў: «Пэўна, бог не хоча іхняй смерці».

Ва ўсім свеце ёсць такі няпісаны звычай: сарваўся з вісельні — яго шчасце, бо ў другі раз вісельніка не вешалі.

А іх паднялі на вісельню і ў другі раз.

— Вешайце, вешайце іх хутчэй! — як вар’ят крычаў Галянішчаў-Кутузаў.

Бенкендорф не вытрымаў — упаў нічком на шыю каня, заплюшчыў вочы.

— Чаму ж вы не глядзіце, генерал, як мы паміраем у пакутах? — спакойна спытаўся ў яго Рылееў.

А Мураўёў-Апостал толькі ўздыхнуў:

— Бедная краіна, нават павесіць тут не ўмеюць.

На іх зноўку накінулі петлі.

Праз два тыдні жонка паэта Наталля Міхайлаўна Рылеева атрымала паведамленне ад каменданта Петрапаўлаўскай крэпасці: «Выконваючы паведомлены мне князем Аляксандрам Мікалаевічам Галіцыным найвысачэйшы наказ, пасылаючы пры гэтым грошы пяцьсот трыццаць пяць рублёў асігнацыямі, якія засталіся пасля Кандрація Фёдаравіча Рылеева, маю гонар быць са шчырым шанаваннем, мілая спадарыня, ваш пакорны слуга А. Сукін».

Ён і праўда, гэты А. Я. Сукін, генерал ад інфантэрыі, аднаногі стары служака, да ўсіх вязняў адносіўся з аднолькавай і нязменнай павагаю.

А дзе пахаваны паэт Рылееў і да гэтага часу невядома.

Жорстка? Ага, жорстка.

Бесчалавечна? І праўда — бесчалавечна.

Акрутна? Ды яшчэ як!

А скажыце, калі такое адбываецца ў нейкай іншай краіне свету, яно бывае неяк па-іншаму? Не! Тыя ж самыя ахвяры, тая ж самая жорсткасць. З таго боку, хто пераможа.

Улада — любая! — яна таму і ўлада, каб найперш абараняцца. Каб абараняць самую сябе. Гэта ж — ісціна!

Дыба, чацвертаванне, калесаванне, адсячэнне галавы, вісельня, расстрэл, электрычны стул, атручэнне. Раздзіранне ахвяры, прывязанай да дзвюх сагнутых і адпушчаных раптам бярозак. Навязванне да двух коней, якіх паганялі потым у розныя бакі. Кайданы. Катарга. Атамная бомба.

Божа мой, колькі ж ты, чалавек, напрыдумляў сам — на самога сябе! — рознага жуду і страхоцця!

Ты вар’ят, чалавеча!

Кажуць, Гітлер панічна баяўся нават кроплі любой крыві. А праліў, не задумваючыся, мора чалавечай.

Нават Мікалай І быў далікатны, уважлівы і ўражлівы. Памятаеце, як ён пісаў маці 25 красавіка, абураючыся дзекабрыстамі, — маўляў, ты ўяўляеш, любая матулька, гэты ж зладзей «Рылееў раскрыў учора ўвесь свой план адносна 14-га і прызнаўся, што ён сапраўды намерваўся ўсіх нас забіць».

Імператар дапытваў Рылеева з хітрасцю — іезуіт, ён, каб выведаць усё, прыкідваўся ледзь не ягоным аднадумцам, сябрам, дабрадзеем.