Читать «У прасторы сямі нот» онлайн - страница 7

Таццяна Мушынская

«Яму ўжо не трэба, — падумала я тады. — А мне яшчэ трэба...»

Выснова першая. Калі ты малады і малавядомы (менавіта ў такой якасці), шукай гэткіх самых маладых і пакуль малапрызнаных, як ты сам. Кампазітар, які напісаў шмат, хутчэй за ўсё мае пастаяннага суаўтара-паэта. Калі тандэм працуе даўно і вынік плённы, ты тут будзеш трэці лішні.

Першая песня

Аднойчы ў рэдакцыю часопіса «Мастацтва» па справе завітала Алена Атрашкевіч, малады кампазітар, якая на той час жыла ў Маладзечне і працавала там у музычным вучылішчы. Я вырашыла паказаць ёй асобныя вершы, што павінны былі ўвайсці ў першы зборнік. Алена вызначалася выключнай тактоўнасцю, якой нельга было не падзівіцца. Некаторыя тэксты, зробленыя яшчэ не надта ўмела, можна было і раскрытыкаваць, але як мудры педагог, яна гэтага рабіць не стала.

— Вось глядзіце, — кампазітар звярнула ўвагу на кароткі верш, прысвечаны маме і яе клопатам, — гэта гатовы прыпеў да песні. У ім ёсць рытм і дынаміка. Гэта важна! Я нават ведаю, як яго музычна вырашыць...

Алена намалявала на гэтым жа аркушы пяць нотных лінеек і хуценька раскідала па іх ноты. Яны нагадвалі птушак, якія імкліва паселі на галінках дрэва. Я пазірала як зачараваная. Няўжо штосьці скранулася, і папярэднія пошукі не былі марныя? Няўжо нарэшце я знайшла таго, хто маімі тэкстамі зацікавіўся?!

— Дапішыце на гэтую тэму запевы. Песні пра маму запатрабаваныя, іх заўжды не хапае. А гэты лісток паперы са сваімі ноткамі я з вашага дазволу забяру...

«Мама — наша сонца»

Неўзабаве пасля Новага, 1998 года, Атрашкевіч запрасіла на прэм’еру музычнага спектакля «Чараўнік Смарагдавага горада», які паставіў Мінскі абласны драматычны тэатр, што працуе ў Маладзечне. Музыку да спектакля пісала Алена Віктараўна. У маляўнічым, прыгожым «Чараўніку... » гучала шмат спеваў. Адчувалася, што артыстам падабаецца атмасфера пастаноўкі і тая акалічнасць, што раптам усе яны аказаліся такія галасістыя.

У антракце спектакля Алена прадставіла мяне свайму мужу Мікалаю, які таксама прыйшоў на прэм’еру:

— Коля, пазнаёмся, гэта «Мама — наша сонца»!

А прэм’ера песні адбылася на кватэры маёй сяброўкі, музыказнаўцы Людмілы Ляшчэвіч, з якой Алена ў той час працавала разам у Маладзечанскім музычным вучылішчы. Зразумела, аўтар тэксту заўсёды з нецярпеннем і душэўным трымценнем чакае, што пачуў кампазітар у ягоных радках, як іх увасобіў?

Як толькі загучаў жыццярадасны, імклівы ўступ, захацелася падхапіцца і пачаць танцаваць. Рэальнасць пераўзышла ўсе магчымыя варыянты. Песню слухалі разы чатыры, а мо і пяць. І каб атрымаць асалоду, станоўчыя эмоцыі, і каб заўважыць усе дэталі. Так захапіліся, што на патрэбную электрычку на Мінск я, вядома, спазнілася. Імчалі мы ўтрох да вакзала напрамкі, як кажуць, агародамі і загуменнямі. Прыбеглі, але ўбачылі толькі хвост цягніка. А наступны — ажно праз дзве гадзіны. Так і сядзелі ўтрох у зале чакання. Праўда, не без карысці, абмяркоўвалі тэксты будучых сумесных твораў.

Сапраўдная прэм’ера песні «Мама — наша сонца» адбылася на рэспубліканскім фестывалі «Спяваем з аркестрам». Уявіце, вялікая зала Беларускай дзяржаўнай філармоніі, на сцэне Дзяржаўны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга ў поўным складзе, дзіцячы хор «Фэст» адной з мінскіх школ, а таксама саліст Рома Івашчанка. Песня гучыць дзве-тры хвіліны. Але колькасць неверагодных эмоцый, якія атрымліваеш за гэты час, такая, што адмовіцца ад падобнага эмацыйнага задавальнення больш немагчыма. Ты будзеш працаваць колькі заўгодна, каб твая песня або раманс прагучалі ў такой зале наноў! Песня аказалася ўдалай і потым увайшла ў аўтарскую аўдыёкасету Алены Атрашкевіч «Лодка дзяцінства» і аднайменны нотны зборнік кампазітара.