Читать «У прасторы сямі нот» онлайн - страница 9

Таццяна Мушынская

Напрыканцы 2000 года, якраз напярэдадні каталіцкага Ражства, тагачасны дырэктар «Юнацтва» Алесь Камароўскі аддаў у рукі сігнальны экзэмпляр «Таты...». Дадаўшы, што такой прыгожай кнігі выдавецтва даўно не мела. А каб кніга выходзіла на пачатку года, а не напрыканцы, дык можна было б ставіць тыраж пяць тысяч, а не тры.

Рыхтуючы разам з Уладзімірам Карызнам зборнік, атрымліваючы яго з рук Алеся Камароўскага, нават уявіць не магла, што літаральна ўсе тэксты невялікай, у 48 старонак кніжкі «разыдуцца» на... музычныя сачыненні. Адны зробяцца песнямі, іншыя — харавымі творамі для шматлікіх калектываў, іх будуць спяваць самыя розныя выканаўцы — і дзіцячыя, і дарослыя. Самае цікавае, што некаторыя тэксты двойчы і тройчы пакладзены на музыку. Рознымі творцамі, калі пра існаванне яшчэ аднаго музычнага варыянта не здагадваўся ніхто.

Слова і музыка

Увогуле кампазітары дужа не любяць, калі над тым вершаваным тэкстам, над якім ён столькі шчыраваў, хтосьці працаваў раней, да яго, або цяпер, паралельна працуе іншы сабрат-кампазітар.

Выключэнне — толькі класікі. Бо творы Пушкіна, Лермантава, Цютчава, Фета, Буніна, Купалы, Багдановіча і іншых паэтаў кампазітары імкнуліся музычна ўвасобіць безліч разоў, і ніхто тое ўвасабленне за ганьбу не лічыў. Хутчэй наадварот — за гонар! Але што датычыць тэкстаў сучасных паэтаў, ні ў якіх спаборніцтвах кампазітары ўдзельнічаць не хочуць, і гэта зусім натуральна.

Аддаючы кампазітару пэўную колькасць тэкстаў (паказваць адзін ці два бессэнсоўна!), ніколі не ведаеш, што «зачэпіць» і зробіцца штуршком для нараджэння музычнага твора, а што застанецца проста вершам. Ёсць шэраг уласных тэкстаў, якія здаюцца гатовым рамансам ці песняй. Але чамусьці ніхто не піша! Ёсць гатовыя песні, рамансы і хоры, якія ні адзін музычны калектыў ці саліст пакуль не ўзяў для выканання. Яны годна зроблены прафесійнымі кампазітарамі, але ж ляжаць не першы год без усялякага руху. Чаму? Для мяне загадка.

Чаму бяруць або не бяруць пэўныя тэксты (чужыя ці мае) у работу, чаму пішуць ці не пішуць на іх музыку, — таямніца, якую нават не імкнуся разгадаць. Тут шмат незразумелага, ірацыянальнага. Як зрэшты і ва ўзаемадзеянні слова і музыкі.

Музыка бязмежна ўзмацняе ўздзеянне верша. Гучанне пачуццёвае, псіхалагічнае, энергетычнае. І па той простай прычыне, што музыка ўплывае на падсвядомасць, а тэкст — найперш на свядомасць. І па фізічным законе рэзанансу, калі эмацыянальныя і сэнсавыя абертоны слова і музыкі пачынаюць супадаць. І дзякуючы таму, што радыёі тэлеаўдыторыя слухачоў песень і рамансаў непараўнальная з той невялікай часткай чытацкай аўдыторыяй (1—2 працэнты), якая яшчэ мае патрэбу звяртацца да вершаў. Пакладзенае на музы­ку, слова часам набывае нечаканы сэнс і пераходзіць у іншае вымярэнне.

Поспех да вакальнага твора прыходзіць, мне здаецца, толькі ў тым выпадку, калі аўтар верша і кампазітар добра разумеюць адзін аднаго. Дакладней, адчуваюць. Калі ў разуменні мастацтва шмат агульнага, калі суаўтары супадаюць у часе і эстэтычных прынцыпах. Найлепш адчуваюць мастацкія памкненні іншага прадстаўнікі аднаго пакалення, аднаго ўзросту і, як ні падасца дзіўным, аднаго сацыяльнага статусу. Бо бедны з багатым сябраваць не будуць — і наадварот. Усё хутка рассыплецца...