Читать «У прасторы сямі нот» онлайн - страница 8

Таццяна Мушынская

Лёс асобнага верша

Час ад часу згадваю радкі свайго любімага Фёдара Іванавіча Цютчава. Вядомыя, шмат разоў цытаваныя ўсімі і ўсюды, што нават няёмка іх згадваць: «Нам не дано предугадать, Как наше слово отзовется... »

Лёс асобнага верша непрадказальны. Як і лёс музычнага твора — песні, раманса, хору, напісанага на яго аснове. Тэкст можа назаўсёды застацца ў рукапісным выглядзе ў нататніку. А можа быць надрукаваным у часопісе або зборніку. І вось тады пачынаецца самае цікавае! Бо ён перастае быць уласнасцю аўтара і пачынае жыць асобным, незалежным ад цябе жыццём.

Музычныя вандроўкі «Дзеда Мароза»

Летам 1999 года ў выдавецтве «Юнацтва» рыхтаваўся да друку мой зборнік вершаў для дзяцей. Ён меў назву «Калі тата — Дзед Мароз», рэдактарам яго быў Уладзімір Іванавіч Карызна, вядомы паэт, чалавек чулы і душэўны. Нарэшце рэдагаванне скончана. «Вы не ўяўляеце, якая будзе кніга! Убачыце, калі выйдзе...», — сказаў між іншым Карызна з усмешкай, у якой ядналіся гарэзнасць і зычлівасць. «Які эмацыйны чалавек!» — падумала я. Сказ прапусціла міма вушэй, а ўспомніла непараўнальна пазней.

У якасці мастака над кнігай працавала цудоўны графік Галіна ХінкаЯнушкевіч. Калі аўтар тэксту і мастак ведаюць і паважаюць творчасць адзін аднаго, тыя веданне і павага моцна ўплываюць на канчатковы вынік. У кніжных графікаў заказаў хапае, таму яны імкнуцца брацца за тое, што вабіць. Прачытаўшы зборнік, Галіна адразу патэлефанавала:

— Мне спадабаліся вашы вершы. Яны смачныя, апетытныя...

Пачуць такія ацэнкі ад мастачкі, якая ўспрымае рэчаіснасць пачуццёва, зрокава і колерава, дарагога каштуе. Акварэльных малюнкаў у зборніку аказалася шмат. І маленькія застаўкі, на якіх узнікалі зацярушаныя снегам гронкі чырвонай рабіны, ліловыя лясныя званочкі, бухматая пчала і спелая маліна, акно з імклівымі фіранкамі, расчыненае ў вясну. І «палосныя» ілюстрацыі з разгорнутымі, маляўнічымі карцінамі прыроды — луг з копамі маладога сена, агарод, дзе растуць сланечнікі, так падобныя на сонца. І пейзажы з мноствам радасных, трапна заўважаных мастакоўскім вокам дэталей, якія і даросламу і дзіцяці хочацца доўга разглядаць. І прыгожыя, высакародныя твары.

Акварэльныя малюнкі Галіны адлюстроўвалі сапраўды жаноцкае, ласкава-добрае і вясёла-ўсмешлівае ўспрыманне рэчаіснасці. А таксама інтэлігентнае стаўленне да маленькага чытача. Невыпадкова Дзед Мароз атрымаўся ў яе не традыцыйным старым з белай барадой, а сучасным інтэлектуалам, які адаптаваўся да цывілізацыі, жыве не ў лесе, а ў горадзе, а ў вольны час, магчыма, спявае пад гітару бардаўскія песні.