Читать «У прасторы сямі нот» онлайн - страница 5

Таццяна Мушынская

Сцэнічная вопратка сапраўды выглядала шыкоўна. Небанальны ружовааранжавы колер утвараў высакароднае адценне. Сукенка была цяжкая, пашытая з шоўку, мела аздабленні на рукавах і дэкальтэ, ніжнюю спадніцу — усё як мае быць. Верхняя спадніца, упрыгожаная валанамі, марудна і эфектна раскрывалася падчас вярчэння.

Іспанскі, імклівы, тэмпераменты панадэрас з «Раймонды», выкананы мной на канцэрце, меў не надта зразумелую рэакцыю ў гледачоў. Як усвядоміла потым, мой рэйтынг сярод аднакурснікаў узляцеў на нечуваную вышыню. Падведзеныя вочы, ружа ў валасах — гэта зусім не тая паненка, што адказвае на занудных семінарах «Ленін — журналіст і рэдактар»!

Не паспела скончыцца музыка і я вылецела за кулісы, як туды імгненна прымчалі студэнты-замежнікі са смуглай скурай, якія вучыліся ў БДУ. Відавочна, музыка Глазунова і сукенка каралавага колеру ўзрушылі глыбінныя пласты іх паўднёвай душы. Вочы гараць:

— Дэвушка, а вы ў інтэрнаце жывяце?! А ў якім пакоі? А можна ваш тэлефончык?..

Як яны хацелі пазнаёміцца! З якім імпэтам паглядалі!

«У гарэм потым аддадуць!» — са страхам чамусьці падумала я.

— Не, — давялося расчараваць, — не ў інтэрнаце...

Гучны поспех у вузкіх студэнцкіх колах я ўспрымала спакойна. Маўляў, зрабіла тое, што ад мяне чакалі, і жыццё пайшло далей. Эмоцыі публікі лічыла заслугай класіка рускай музыкі Аляксандра Глазунова і харэаграфіі, прыдуманай Аляксандрай Нікалаевай.

Таццяна Дзмітрыеўна Арлова, вядомы тэатральны крытык, надалей кіраўнік маіх курсавых і дыпломнай, з усмешкай патлумачыла: «Ну што ты хочаш? На пурытанскім, ідэалагічным факультэце — іспанскія танцы... Эмоцыі, эротыка. Вядома, уздзейнічае!» Самае смешнае і неверагоднае, што той пана­дэрас былыя студэнты журфака згадвалі праз два або тры дзесяцігоддзі падчас нашых традыцыйных сустрэч: «А ты помніш?... »

Сцэна — незвычайная прастора. Быў ты, рэальны, а цяпер быццам ужо і не ты. А хтосьці іншы, аддалена падобны на цябе. А можа, тая ці той, якім бы хацеў на самай справе быць?..

Нашчадкі

Заўважу, кожны танец, незалежна ад жанру, грунтуецца на музыцы. Дзякуючы ёй нараджаецца пластычны малюнак. Без музыкі сольнае ці масавае выступленне рэдка калі адбываецца. Таму ў нашай рэпетыцыйнай зале з мноствам люстэрак, падчас заняткаў ля балетнага станка, і на рэпетыцыях, якія ладзілася на сцэне палаца, музыка гучала ўвесь час. Лепшая, класічная.

Стварэнне вобраза — усё-такі задача прафесійнага артыста. Мы «набіралі» тэхніку. Вучыліся адольваць уласную разгубленасць, чуць музыку на сцэне (калі хвалюешся, можаш і не рэагаваць на яе належным чынам). Развіваць рухавасць і каардынацыю — у адпаведнасці з рытмічным малюнкам. Тонка ўспрымаць музычны твор. Адчуваць яго прыгажосць, мелодыку, рытм, тэмп. Існаваць унутры музычнай прасторы. Фантазіраваць, як можна інструментальнаму фрагменту знайсці пластычнае ўвасабленне.

Таму маю глыбокае перакананне: заняткі танцам не толькі фарміруюць і ўдасканальваюць фігуру. Не толькі робяць паставу і спіну больш грацыёзнай на ўсе астатнія гады. Яны гарманізуюць твае ўзаемаадносіны з прасторай. Сцэнічнай і жыццёвай.