Читать «У прасторы сямі нот» онлайн - страница 6

Таццяна Мушынская

Студыя Нікалаевай і шматгадовыя заняткі паўплывалі на лёс многіх яе выхаванцаў. Георгій Чорны, адзін з нашых салістаў, скончыў тагачасны Інстытут культуры і зрабіўся харэографам знакамітага ансамбля «Крупіцкія музыкі». Многія вынаходліва пастаўленыя ім нумары і цяпер можна ўбачыць у канцэртах калектыву.

Вольга Бабушкіна выкладае танец у адной з ВНУ Мінска. Людміла Іванова, з’ехаўшы колькі гадоў таму ў Канаду, арганізавала там уласную харэаграфічную студыю. Кіруе, сама ставіць танцы і гастралюе. Не менш удачлівай аказалася і Людміла Галайдзенка. Яшчэ падчас заняткаў у студыі, яна, кідкая, эфектная брунетка, выразна выконвала многія характарныя танцы (персідскі, цыганскі). Добра асвоіўшы адметную лексіку ўсходніх танцаў, іх стыль, Людміла сабрала ў Мінску невялікі танцавальны калектыў такіх жа яркіх, пластычных паненак. Ужо не першы год яны выступаюць па кантрактах у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і суседніх з імі краінах.

Так што, Аляксандра Васільеўна, ваша справа жыве і перамагае! Зна­чыць, вучылі так, як і трэба. І сваю пецярбургскую школу танца, бязмежную ўлюбёнасць у балетнае мастацтва, зіхатлівую радасць жыцця і нястрыманую энергію здолелі перадаць шматлікім вучням.

Няўжо нікому не трэба?..

Супрацоўніцтва з кампазітарамі ўзнікла пры канцы 90-х гадоў, і шмат у чым неспадзявана. Аўтары музыкі самі нястомна шукаюць вершы, якія потым зробяцца асновай вакальных твораў (сольных, харавых, песень, рамансаў, дуэтаў). Хтосьці купляе зборнікі стосамі ў кніжнай краме (як Аліна Безенсон), некаму дораць паэты (з таемнай надзеяй на сумесную творчасць). Але большасць аўтараў музыкі хоча мець непасрэдныя стасункі з аўтарам, каб заказаць патрэбнае тут і цяпер.

Калі супрацоўніцтва распачалося, я досыць добра ведала айчынных кампазітараў. Іх творы, улюбёныя жанры і магчымасці. Я пісала пра музыку, а кампазітары ведалі, што я знаёмая з многімі паэтамі.

— Падкажыце, да каго звярнуцца? Вельмі патрэбныя новыя, свежыя тэксты... — такія просьбы і пажаданні чула неаднойчы.

Пры сустрэчах з паэтамі я ўгаворвала іх пазнаёміцца з маладымі кампазітарамі. Але тыя не надта спяшаліся. Мо баяліся, што ў выніку атрымаецца пошласць і «папса»? Мо турбаваліся, што знікне глыбіня, філасофія, аўтарская інтанацыя? У пэўны момант задумалася: стараюся для некага, угаворваю, яны не хочуць... А мо паспрабаваць самой, калі ў тэкстах ёсць такая пільная патрэба?

Спачатку супрацоўніцтва не складвалася ніяк. Са стосам уласных тэкстаў абышла сем ці восем добра вядомых, аўтарытэтных кампазітараў, але нікому мой рыфмаваны «прадукт» аказаўся не патрэбен. «Чаму? — думала я пакутліва. — Можа, супакоіцца і спыніцца, калі паўсюль такая рэакцыя?»

— А навошта мне гэта? — сказаў мне вядомы кампазітар. — Уявіце: пошукі верша, потым мелодыі, потым выканаўцаў. А колькі трэба намаганняў і грошай, каб зрабіць аранжыроўку. У выніку песня можа прагучаць адзін раз, або два... І ўсё! А клопатаў колькі?!