Читать «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."» онлайн - страница 5
Алесь Петрашкевіч
На адным з пасяджэнняў бюро ЦК, дзе разглядаліся па-дурному створаныя праблемы, якія лепш было б назваць экалагічнай катастрофай, Пётр Міронавіч разгублена пытаўся:
— Што ж гэта за меліярацыя, паважаныя тэарэтыкі і практыкі, калі ў засуху на Палессі вады няма, а ў дажджлівае лета яе больш, чым трэба? Мы ж з вамі хацелі меліярыраваць землі, як гэта зрабілі ў Галандыі ці Прусіі, а на праверку аказалася, што проста асушылі, загубілі цэлы край! Адсюль і засухі, і пажары, і паводкі, і чорныя буры, і разор людзям, якія чакалі ад нас свайго мужыцкага шчасця, бо за вякі насядзеліся ў балоце!
Другім яго расчараваннем і скрухаю быў крах яго ж ідэі суцэльнай і хуткай так званай перабудовы сяла ў маштабах усёй рэспублікі. Але Савецкая імперыя на такія дробязі не магла траціцца. Былі ў яе і больш грандыёзныя затратныя планы ў космасе, на Месяцы, на Кубе, на Блізкім і Далёкім Усходзе, у Афрыцы і бог ведае дзе яшчэ. Асігнаванні цэнтра (у параўнанні з тым, што з рэспублікі выпампоўвалася) на грандыёзную па маштабах перабудову сялянскага быту і сельскагаспадарчай вытворчасці былі такімі мізэрнымі, што будаўніцтва некалькіх, адзінкавых, узорна-паказальных цэнтральных сядзіб калгасаў і саўгасаў накшталт тых жа Верцялішак ці Новага быту, зацягнулася на дзесяцігоддзі. А паколькі так званым неперспектыўным пасёлкам, вёскам і сёлам было забаронена ўсялякае развіццё, яны даволі хутка зачахлі і абязлюдзелі. Маладыя сталі разбягацца, хто куды мог: у свае беларускія гарады і райцэнтры, на «новабудоўлі камунізму», на лесараспрацоўкі Поўначы і Усходу і асабліва на нафтапромыслы Сібіры. А што ім яшчэ заставалася рабіць у сваёй вёсцы, калі да яе ўжо не цягнулі святло, тэлефон, радыёлінію, калі ліквідавалі за непатрэбаю пачатковыя школы, «укрупнили» бібліятэкі і клубы, закрылі фельчарскія пункты і крамы? Нават спраўны мужык, не кажучы ўжо пра ўдаву ці ветэрана, не мог, не меў права не толькі пабудаваць новую хату, але і адрамантаваць старую, пакласці новы дах, паставіць новы тын.
Праз 10 гадоў такога неперспектыўнага жыцця тысячы вёсак апусцелі начыста і зеўраюць сёння на нас чорнымі дзіркамі гнілых аконных праёмаў. Звярніце з бойкай шашы, паглыбцеся на 10-20 кіламетраў і вы пабачыце сляды агульнанацыянальнай трагедыі. Вы пабачыце разбурэнне і тлен. Вы пабачыце мясціны, дзе Мамай прайшоў. Паправіць, аднавіць, адбудаваць тое, што назаўсёды загінула, ужо ніхто не зможа, ужо няма каму. Гэтыя сумныя пейзажы Айчыны давялося ўжо пабачыць і самому Пятру Міронавічу. Відаць, яны рабілі на яго ўражанне. Гнятлівае, страшнае ўражанне.
У адной бяседзе Машэраў пашкадаваў, што быў летуценнікам, рамантыкам, калі паспадзяваўся, што саюзная ўлада дасць сродкі на кардынальную перабудову сяла і яго гаспадаркі. Пра сродкі, якія гэта ўлада вымагала і выпампоўвала з Беларусі, змоўчыў, хоць, як мне здаецца, не падумаць пра гэта не мог. Логіка падказвала...
...Можна паспачуваць чалавеку, які без злых намераў загубіў не толькі Палессе, выклікаўшы экалагічную катастрофу, але і прынёс іншую вялікую шкоду свайму народу, за які ў свой час ішоў на смерць і здолеў стаць нацыянальным героем. Між іншым, ён быў не староннім сведкам, як вялікая саўковая імперыя рабіла яго народ няшчасным, бедным, забітым, адурманеным і дэнацыяналізаваным. Але не будзем абвінавачваць яго асабіста, ці толькі яго аднаго. Такі быў час, а ен быў з’яваю свайго часу. Ён служыў свайму часу. Служылі і тыя, на каго ён абапіраўся. Верылі ў прыгожую камуністычную казку.