Читать «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."» онлайн - страница 3
Алесь Петрашкевіч
— Не трэба з Пятра Міронавіча рабіць апазіцыянера савецкай уладзе. Ён быў сам ва ўладзе. Ён быў сам уладаю. Ён быў яе ўвасабленнем. Думаю, што ён хацеў яе больш. Відаць, не мог змірыцца і з тым, што самай высокай ўладаю ў звышдзяржаве валодае нікчэмнасць.
— Вы хочаце сказаць, што састарэлая, дагматычна-замшэлая, у аснове сваёй хворая нікчэмнасць...
— Я гэтага не казаў, — перапыніў ён мяне.— А Пётр Міронавіч ва ўнутранай, закуліснай, назавём яе кадравай, барацьбе мог удзельнічаць і, бадай што, удзельнічаў. У высокіх сферах гэта звычайная рэч, але гэта зусім не азначае, што ён стаяў у апазіцыі да самога ладу. Яго магло не задавальняць кіраўніцтва партыі і краіны, але толькі не палітычная і эканамічная арганізацыя гэтай краіны. Словам, дзяржаўнаму ладу і ідэалогіі партыі ён быў адданы да канца.
— Тады пытанне: як бы ён павёў сябе сёння, хоць я і разумею, што гісторыя не мае «сослагательного наклонения».
— Мяркую, калі б не яго трагічная смерць, то ў пэўных варунках ён мог бы падняцца, як вы кажаце, над нямоглым Палітбюро. Для гэтага ў яго былі ўсе падставы і даволі высокі аўтарытэт у краіне. Мог дапамагчы і збег абставінаў. Мог жа з’езд партыі абраць Генсекам Гарбачова. Пры той раскладцы сіл у Палітбюро на месцы Гарбачова мог бы апынуцца і Машэраў. Я думаю, што пасля горкага вопыту са Сталіным з’езд не стаў бы абіраць у Генсекi прадстаўнікоў неславянскага паходжання. I тады ў Машэрава не было б канкурэнтаў за выключэннем старога Грышына і маладога Гарбачова.
— I што, калі б?
— Калі б Машэраў узначаліў КПСС, гэта мела б сусветна-гістарычнае значэнне. СССР не стаў бы развалінай. Краіна Саветаў засталася б вялікай дзяржавай. Машэраў — гэта не Сакалоў з Малафеевым разам узятыя.
— Але вялікая дзяржава патанала ўжо ў багне сацыяльна-эканамічнага крызісу i дыхала на ладан. Расла нацыянальная самасвядомасць людзей у шматковай імперыі. Яна рана ці позна павінна была разваліцца, як разваліліся ўсе папярэднія імперыі.
— Машэраў пайшоў бы на крутыя рэформы. У яго хапіла б розуму і волі, каб утрымаць сітуацыю...
— А ці можна яе было ўтрымаць пасля таго, як Амерыка выматала нас эканамічна на гонцы ўзбраенняў і пасля паразы СССР у гарачай афганскай і халоднай вайне з усім светам?
— На гэта цяжка адказаць, а можа, і не варта, бо самі ж кажаце, што гісторыя не мае «сослагательного наклонения».
— Народ стаміўся змагацца за пустыя абяцанкі.
— Як гэта пустыя? За гады савецкай улады Беларусь дасягнула небывалага эканамічнага і навукова-тэхнічнага ўздыму! Па многіх паказчыках яна далёка за сабой пакінула іншыя саюзныя рэспублікі, у тым ліку і Расію.
— Але, на жаль, не іншыя цывілізаваныя краіны...
— Машэраў стаў прызнаным лідэрам нацыі. I ён быў шчаслівы ад усведамлення таго, што даў людзям цярпімае жыццё.
— Цярпімае — можа быць, але не шчаслівае. I сам ён не мог быць шчаслівы. Як чалавек, як дасведчаная, высокаінтэлектуальная асоба, ён разумеў, не мог не разумець, што Масква яго ігнаруе, абражае, а народ наш рабуе і трымае ў заложніках на заходняй граніцы.