Читать «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."» онлайн - страница 4
Алесь Петрашкевіч
— Пачакай!
— Рабуе нахабна і даўно.
— Гэта вы ўжо занадта...
— Занадта тое, што 40 працэнтаў нацыянальнага даходу, ствараемага ў рэспубліцы, забірала Масква. А гэта не многа не мала — 10-12 мільярдаў долараў. I Машэраў не мог не ўсведамляць гэтага рабаўніцтва калоніі. Не мог, як мне здаецца, спакойна адрываць такія кавалкі, каб раны на целе краіны пасля гэтага не крывавелі. Ёсць такое паняцце — «унутраная эміграцыя». Безумоўна, яно не тычыцца Машэрава. Але тое, што ён — сын зямлі беларускай — не мог пры гэтай сітуацыі не быць ва «ўнутранай апазіцыі», мне здаецца фактам. Па аналогіі, калі на тое пайшло, з тымі ж Аліевым, Бразаўскасам, Шэварднадзе і іншымі.
— Адносна Машэрава вы памыляецеся. Ён не быў Бразаўскасам.
— Шкада! Мог бы і быць.
— Пры Машэраве Беларусь стала...
— Рэспублікай вялікай хіміі, высушанага Палесся, разбураных, абязлюдзелых вёсак і гіганцкіх свінакомплексаў, ад дзярма якіх захлыналіся зямля і людзі?
— А што было рабіць?
— Вы хочаце сказаць, што настала самая пара зноў «інтэгравацца» ў Расію, не думаючы ўжо не толькі пра плечы і шыю, але і пра галаву? Абы свінакомплексы і вялікая хімія функцыянавалі...
— Перапынім гаворку, а то пасварымся.
— Толькі адно пытанне, каб я мог сам з сабою яшчэ паразважаць! Пятру Міронавічу было душна ў той атмасферы, у якой ён жыў?..
— Давай адкладзем размову да новай сустрэчы...
Новай сустрэчы не было. А час няўмольна бяжыць. Метраном адстуквае не толькі мне, але і ўсім маім суайчыннікам, хто на гэты час жыве на сваёй зямлі, у сваёй Айчыне. У якую новую-старую пашчу ўпіхнуць-усунуць нас нашы новыя «лідэры-куміры»?! А пакуль не ўпіхнулі, пакуль мы яшчэ адносна самі па сабе, я зраблю спробу прааналізаваць паводзіны П.М.Машэрава на падставе пэўных фактаў яго ўласных выказванняў пры пэўных абставінах і акалічнасцях. Ну сапраўды ж цікава, ці быў лідэр каланіяльнай нацыі ў апазіцыі да метраполіі, ці быў асабіста шчаслівы, ці прынёс шчасце і дабрабыт свайму народу, які яго нарадзіў, зрабіў сваім героем і ўзнёс над сабою так высока. I сёння ён хацеў бы параўнаць яго з некім на яго погляд значным...
Шчаслівым Першы сакратар ЦК КПБ П.М.Машэраў быў пад той час, калі атрымаў ад цэнтра велізарныя, як тады здавалася, грошы на так званае «преобразование Полесья», а дакладней, на яго асушэнне. Злосным і раздражнёным ён быў, калі невялічкая групка пісьменнікаў і навукоўцаў выступіла супраць загубы краю. Ён не мог зразумець, як гэта адукаваныя, інтэлігентныя творцы не могуць зразумець і прыняць таго шчасця, якое ён нясе людзям спрадвеку забітага Палесся, якое вякамі гніе ў балоце. Ён быў сканфужаным, абураным і гнеўным на псеўданавуку і вучоных-меліяратараў, калі праз некалькі гадоў зразумеў, што загубіў цэлы край, нанёсшы яго прыродзе непапраўную шкоду, не атрымаўшы таго эфекту, на які разлічваў. А разбуранай апынулася не толькі прырода, але і спрадвечны ўклад жыцця палешукоў, іх традыцыйная культура, іх мараль. Расколіна, зробленая гіганцкім плугам акадэміка Мацапуры, прайшла намнога глыбей, чым разлічвалі энтузіясты «преобразования».