Читать «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."» онлайн - страница 14

Алесь Петрашкевіч

Зразумела, у савецка-партыйным апараце працавалі далёка не святыя, але дапусціць, што яго захліснула «клімаўшчына» было б і няправільна, і несправядліва ў першую чаргу да П.М.Машэрава. Будучы чалавекам добрага гарту, ён быў строгім і рашучым у дачыненні да сваіх кадраў. I калі некага цярпеў ці вымушаны быў цярпець, то і пра свой, як цяпер кажуць, імідж клапаціўся. А рэйтынг быў вельмі высокім не толькі ў рэспубліцы, але і ў краіне. Менавіта на яго дыскрэдытацыю і была зроблена стаўка, калі Палітбюро накіравала Пятра Міронавіча на перамовы да Фідэля Кастра. Адносіны з Кубай к таму часу былі настолькі сапсаваныя, а паводзіны Палітбюро ў адносінах да «свабоднай тэрыторыі Амерыкі» былі настолькі непаслядоўнымі і неразумнымі, што Вялікі бунтар стагоддзя нікога не прымаў і нікога не хацеў бачыць з Саюза ССР.

Стаўка была бяспройгрышнай. Калі дружалюбныя адносіны з Кубай Саюзу ССР удасца аднавіць, то тым лепш будзе Саюзу. А калі місія Машэрава праваліцца, то яму і будзе горш. Па прыездзе на востраў Свабоды сітуацыя складвалася не на карысць сустрэчы з Фідэлем. Ніякія захады не давалі плёну. Ён адмаўляўся сустракацца з кім бы то ні было з савецкіх. I толькі за лічаныя мінуты да ад’езду П.М.Машэрава дамоў партызан і нацыяналъны герой Кубы Фідэль Кастра пагадзіўся сустрэцца з партызанам і нацыянальным героем Беларусі Пятром Машэравым. На сустрэчу было адведзена паўтары гадзіны. Прагаварылі партызаны больш за чатыры. Было не толькі з бляскам выканана безнадзейнае даручэнне Палітбюро, але і засведчана пабрацімства партызан-герояў Пятра і Фідэля. У гэтым пераканалася ўся краіна, калі Кастра Рус нанёс афіцыйны візіт у Беларусь.

Для душы нашага героя гэта была маральная перамога. На нейкі час яна аддаляла непазбежную расправу над «умником».

Уціск, залежнасць, падножкі, якія нярэдка межавалі з правакацыямі, рэгламентацыя дзеянняў ад нечага важнага да дробязяў нервавала, непакоіла і злавала першую асобу ў рэспубліцы, якая не магла ступіць кроку, не ўзгадніўшы яго з так званым Цэнтрам і яго чынавенствам.

Толькі адзін прыклад. Памёр галоўны рэдактар Беларускай Савецкай Энцыклапедыі Пятрусь Броўка. У Пятра Міронавіча былі да яго асобыя адносіны. Трэба было неяк увекавечыць добрую памяць аб народным паэце і заснавальніку энцыклапедычнай справы ў Беларусі. Мне давялося пісаць першасны праект прапаноў на гэты конт. Разам з іншымі меркаваннямі ўпісаў я і пра тое, што варта было б ператварыць Галоўную рэдакцыю БелСЭ у выдавецтва і надаць яму імя Петруся Броўкі, бо «Галоўная рэдакцыя», маўляў не гучыць...