Читать «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."» онлайн - страница 12

Алесь Петрашкевіч

Парасяткі — гэта толькі дробны прыклад маскоўскага нахабства. А што да сапраўднага эканамічнага рабаўніцтва, то яно ўзмацнялася з года ў год. Прапітай метраполіі трэба было нечым закусваць. Масква патрабавала ўсё большых і большых паставак мяса, масла, каўбас, вяндліны, садавіны, агародніны, грыбоў, ягад і іншых прысмакаў. На поўную моц дзень і ноч працавалі заводы і фабрыкі Беларусі, каб узброіць і адзець Савецкую Армію, якая к таму часу ўжо ўляпалася ў вайну з Афганістанам і аказвала «інтэрнацыянальную дапамогу» цэлым кантынентам.

Патрабаванні ад беларускага улуса былі пастаяннымі, настойлівымі, нахабнымі, а часам і гранічна цынічнымі — туды пасылаліся не парасяткі, а нашы хлопцы.

Такіх званкоў ад самых розных хамаў ён, напэўна ж, атрымліваў нямала. Метраполія была там. У нас была падмандатная тэрыторыя. Яго тонкая нату­ра не магла гэтага не адчуваць. Адчувала, здаецца мне, і пакутавала, пазбаўленая якіх бы там ні было перспектыў на іншае абыходжанне.

Напрыканцы 70-х усё часцей і часцей можна было заўважыць кепскі на­строй, самотнасць і нейкую пастаянную прыгнечанасць Пятра Міронавіча. Ён стаў хутчэй стамляцца ад уласных выступленняў нават на бюро і невялікіх нарадах, не кажучы ўжо пра доўгія афіцыйныя даклады. Стамляўся хутчэй, а гаварыў даўжэй. Некаторыя думкі паўтараў, нібы не верыў, што яго пачулі, зразумелі, прынялі. Усмешка на прыгожым, але самотным твары з’яўлялася не так часта, як раней. Пра гэта сталі пагаворваць у апараце: здае, маўляў, Першы. Чуткі, прыдумкі кадравага кшталту даляталі з Масквы. Думаю, што яны яму былі вядомы. Hi добрага настрою, ні здароўя не прыбавіла і аперацыя на нырцы. I ўсё ж гэта не было галоўнай прычынай яго прыгнечанасці, а часам і раздражнёнасці. Прычына была не столькі ў здароўі — мужнасць яго не пакідала,— колькі ў маральным тэроры з боку «добразычліўцаў» з Палітбюро. Хадзілі чуткі, што яго пабойваецца, а таму і не любіць састарэлы Ген­сек. Не выключана, што гэтыя чуткі нараджаліся і ў асяроддзі Палітбюро, дзе кожны старац у перспектыве бачыў сябе Генеральным сакратаром, «вы­дающимся деятелем современности», «настоящим ленинцем». Нібы ў нас былі ці маглі быць «ненастоящие» ленінцы. Не трэба забываць і таго, што ў Палітбюро былі не толькі састарэлыя члены, але і аднагодкі Пятра Міронавіча, і маладзейшыя за яго. Члены такога органа ўсё пралічвалі, па магчымасці і ўмеру ўласнай «испорченности» «пакостили» адзін аднаму, выкарыстоўваючы маразматычны стан Генеральнага і подласць яго галоўнага халуя Чарненкі.

Не сакрэт, што «любоў» іх светласці састарэлых членаў да свайго маладзейшага калегі выклікала ў яго адэкватную рэакцыю. Напрыклад, Пётр Міронавіч па магчымасці не браў удзел у дэлегацыях ЦК КПСС у іншыя краіны, бо добра ведаў абмежаванасць кіраўнікоў гэтых дэлегацый. Яны ў сваю чаргу не імкнуліся трапіць у тыя дэлегацыі, якія ўзначальваў Пётр Міронавіч, бо на фоне яго адчувалі сябе нікчэмнасцю. Сваю непрыязнасць да «умника» прыхоўвалі ўсе, акрамя Чарненкі. А той, напрыклад, пасля абмеркавання ў Палітбюро 6-томнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, на якім П.М.Машэраў зрабіў грунтоўны даклад-разбор выдання з шэрагам крытычных заўваг і пажаданняў, мог сказаць: «Машеров, как всегда, умничает».