Читать «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."» онлайн - страница 15

Алесь Петрашкевіч

Пятру Міронавічу спадабалася такая пастаноўка пытання, але ён без цяжкасці разгадаў «хітрасць» стварыць самастойнае энцыклапедычнае выдавецтва.

— Я згодзен, што «Галоўная рэдакцыя імя Броўкі» сапраўды не гучыць і нават прыніжае. Разумею і тое, што вы хочаце заместа рэдакцыі, хоць і Галоўнай, стварыць самастойнае выдавецтва. Але мы не маем права без Масквы ствараць выдавецтвы. На жаль, гэта іх прэрагатыва. А калі папросім — не дазволяць. Перакананы, што не дазволяць... А вось калі явачным парадкам нададзім выдавецтву імя Петруся Броўкі, то, можа, і не адменяць нашай пастановы. Можа, і не даруюць самавольства, але змоўчаць. Броўка ёсць Броўка,— разважаў Пётр Міронавіч услых.

3 разлікам на гэта і было прынята рашэнне аб стварэнні выдавецтва імя Петруся Броўкі. Самавольства гэта выклікала непрыкрыты гнеў агітпрапа ЦК КПСС. Пастанова ЦК КПБ аб выдавецтве БелСЭ была адменена. Агонь на сябе прыняў агітпрап на чале з А.Т.Кузьміным.

Якое там выдавецтва?! Мы звычайнай брашуры, не кажучы пра энцыклапедыі, не мелі права выдаць без блаславення Белакаменнай. А хіба толькі энцыклапедыі Беларусь не магла рабіць без «высочайшего» дазволу? Праект тапарышча, лапаты ці рэцэпт торта трэба было ўзгадняць з саюзнымі інстытутамі. Можна з дакладнасцю меркаваць, якія пачуцці ўсё гэта выклікала ў кіраўніка «самастойнай» Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Многія цэкоўцы ведалі, якія страсці-мардасці бушавалі ў ЦК КПСС пасля знакамітага пленума ЦК КПБ, які абмеркаваў даклад П.М.Машэрава аб бядотным стане сельскай гаспадаркі і яго прапановы аб карэнных зменах падыходу дзяржавы да гэтай галіны народнай гаспадаркі. Даклад заняў у газетах некалькі палое. Яго фрагменты з каментарыямі былі перадрукаваны ў шэрагу замежных уплывовых газет, перададзены замежнымі радыёстанцыямі. А такія рэчы не дараваліся нікому.

А як магла адчуваць сябе Першая асоба ў непарушным саюзе рэспублік «свободных», пазбаўленая элементарнай свабоды як у маральным плане, так і ў элементарных дзеяннях, пастаўленая ў ганебную залежнасць ад крамлёўскіх «небожителей», пазбаўленая хоць якой-небудзь самастойнай дзейнасці і ўласнага волевыяўлення ў невымерна вялікім таталітарным калгасе пад назвай СССР. Яшчэ адзін красамоўны факт.

У гонар 25-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Пётр Міронавіч рашыў зрабіць ветэранам вайны падарунак і тым самым выказаць прыязнасць да абаронцаў Айчыны і сваёй уладай адмяніў для іх аплату за праезд у гарадскім транспарце. Гэты фактычна сімвалічны, а не фінансавы акт не наносіў ніякіх страт Саюзу ССР і яго эканамічнай устойлівасці, бо білет на трамвай каштаваў 3 капейкі, а на тралейбус — 4. А якое абурэнне выклікаў у Белакаменнай. Як пасмеў?! Хто даў права самастойна прымаць такія «сепаратысцкія» рашэнні, праяўляць такую нечуваную самастойнасць?! I пакарысталіся былыя франтавікі і партызаны падарункам толькі некалькі дзён — пакуль Масква выхоўвала Мінск у паслухмянасці, пакоры і прыніжэнні.