Читать «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."» онлайн - страница 13

Алесь Петрашкевіч

Можна толькі здагадвацца, што ён уводзіў у вушы Генеральнаму і як характарызаваў «умника» з правінцыі.

Цвярозасць, розум і годнасць П.М.Машэрава была, бадай што, асноўнай прычынай таго, што яго так і не выпусцілі з кандыдатаў у члены Палітбюро, хоць ён узначальваў 600-тысячную партыйную арганізацыю і 10-мільённую рэспубліку. Тут, трэба думаць, і прычына таго, што ён апошнім з кіраўнікоў саюзных рэспублік атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы, хоць Беларусь займала адно з першых месц у развіцці эканомікі і навукова-тэхнічнага прагрэсу.

Як дзёрзкі выклік палітыцы партыі і ўрада была ўспрынята членамі Палітбюро катэгарычная нязгода кандыдата ў члены Палітбюро П.М.Машэрава з іх рашэннем на афганскую авантуру, а дакладней, агрэсіўную вайну супраць народа сумежнай краіны. 3 таго пасяджэння Палітбюро ён вярнуўся літаральна скрышаным, раздушаным, некалькі дзён не мог апамятацца. Брату Паўлу Міронавічу ў роспачы толькі і сказаў:

— Што яны нарабілі?! Яны нават самі не разумеюць, што адбылося! Усё рашылі 2-3 чалавекі. Астатніх нават не спыталі...

Цяпер ужо вядома, што кожная паездка ў Белакаменную была для Пятpa Міронавіча пакутаю. Не прадуманая, а ў шэрагу выпадкаў абсурдная палітыка краіны, якая з-за гонкі ўзбраенняў, халоднай і гарачай вайны, развалу сельскай гаспадаркі, таталітарнага ўціску зверху да нізу фактычна спыніла яе развіццё і паставіла на край усеагульнага крызісу, катастрофы. Ці не адсюль душэўны надлом чалавека, які ўсё гэта бачыў і разумеў але што-небудзь змяніць ці перайначыць не мог.

Меў Пётр Міронавіч і ўласныя траўмы, якія не загойваліся часам. I былі аматары ў гэтых траўмах пакалупацца, запусціць плётку, пасеяць нейкія сумневы адносна яго асобы. Першая «балячка» — рэпрэсіраваны бацька. А пра другую трэба сказаць асоба. У апараце ЦК было вядома, што былы сакратар Вілейскага падпольнага абкама партыі І.Ф.Клімаў інтрыгаваў супраць Пятра Міронавіча. Пацвердзіў гэта пісьмова былы сакратар ЦК КПБ М.Я.Аўхімовіч. У пераказе і перакладзе запісу гэта гучыць так: «Не разумею, чаму Клімаў мне гаварыў у свой час, што Машэраў працаваў у немцаў настаўнікам? Няўжо гэта была інтрыга, нагавор??? Можа быць».

Бачыце, Аўхімовіч сцвярджальна кажа «можа быць». Хто-хто, а ён ведаў, што Машэраў ніколі і ні ў якой нямецкай школе не працаваў Ён выкарыстаў савецкую школу, каб часова «мець дах» для камсамольска-маладзёжнага падполля перад тым, як пайсці ў партызаны. Што да клімаўскай «вуткі», то яна невыпадкова запускалася. І.Ф.Клімаў як сакратар абкама падпісваў прадстаўленне ў Цэнтр на прысваенне П.М.Машэраву звання Героя Савецкага Саюза. Яму належыць і «жарт», што ён мог бы падпісаць гэта прадстаўленне і на любога іншага хлопца. Трэба думаць, што Клімаў не толькі ганарыўся тым, што «зрабіў» Машэрава Героем, але і выкарыстоўваў эксплуатаваў гэту шчаслівую для сябе нагоду. А тое, што ён быў чалавекам недалёкім і, мякка кажучы, дрэнна выхаваным, ведалі і ведаюць многія. Можа, таму Аўхімовіч і пакінуў запіс пра тое, што «калі б не было такога (дзеяча), як Машэраў, то клімаўшчына захліснула б савецка-партыйны апарат».