Читать «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."» онлайн - страница 16

Алесь Петрашкевіч

Мне сёння здаецца, што ад дурноты сваіх маскоўскіх шэфаў Пётр Міронавіч часам ратаваўся ў вельмі звычайных, чалавечых, добрых справах. На ўсіх яго не хапіла, але паасобным людзям усё ж шанцавала. А можа, і ён тады-сяды гуляў у дэмакрата, бо ў гэту гульню і да сёння, і сёння гуляюць усе правадыры-правіцелі без выключэння — толькі адны гуляюць таленавіта, а другія бяздарна.

Аднаго разу Пётр Міронавіч прызнаўся:

— Прыслаў мне пісьмо рускі паэт Віктар Бокаў. Мы з ім не былі знаёмы ні асабіста, ні праз яго паэзію. Давялося прачытаць тое, што знайшоў. Паэзія аказалася проста выдатнай — глыбокай, лірычнай, нейкай асабліва шчымлівай. Многае проста хацелася завучыць на памяць. Словам, усхвалявала па-сапраўднаму. Даўно не адчуваў такога душэўнага ўзрушэння. А можа, добрыя вершы пад настрой трапілі... рашыў я напісаць пісьмо Бокаву.

Атрымалася яно даволі доўгім, нешта накшталт рэцэнзіі, толькі вельмі ўзнёслай. Калі астыў і перачытаў рашыў опус свой не пасылаць. Пабаяўся, што паэт можа падумаць: чаго гэта ён, партыйны функцыянер, узяўся мае вершы аналізаваць.

Карацей кажучы, усумніўся. А да цябе будзе такая просьба... Бокаў піша, што сустрэўся яму недзе ў тайзе надзвычай цікавы і таленавіты малады мас­так. Каранямі з Беларусі. Хацеў бы вярнуцца на зямлю продкаў. Часова прыпыніўся ў Мінску. Просіць знайсці яму хоць які вугал пад жытло і майстэрню. Пераконвае, што не пашкадуем.

Паэты — народ шчыры. А такога ўзроўню, як Віктар Бокаў лгаць не будзе. Словам, знайдзі мастака, пазнаёмся, усё вывучы, потым уражаннем сваім са мною падзелішся.

Знайшоў я таго мастака. Аказаўся ён вельмі маладым і даволі сціплым хлопцам. Паказаў некалькі сваіх работ і цэлы канверт слайдаў з іншых твораў што засталіся ў Сібіры. Тыя слайды я і прынёс Пятру Міронавічу. Мно­гае яму спадабалася, нешта падалося незавершаным, эскізным, але цікавым па задуме... Вырашана было падтрымаць юнака і хадайнічаць перад гарвыканкамам аб аднапакаёвай кватэры. У хуткім часе да кватэры ўдалося знайсці і галубніцу для майстэрні.

Прайшло пасля таго месяцы два-тры, і прыйшоў да мяне мастак з невялічкай карцінай, акантаванай у просценькую рамку. Назавем яе ўмоўна «Балерына перад выхадам на сцэну». Творца і наважыўся падарыць яе Пятру Міронавічу. На добрую памяць.

Гэта ўжо было больш складана, чым здабыць кватэру. Як Пётр Міронавіч успрыме сам факт дарэння? Ці не шугане ён мяне разам з мастацкім творам? I я пайшоў на маленькую хітрасць. Званю Пятру Міронавічу і кажу, што прыйшоў бокаўскі мастак, цікавую карцінку прынёс. Можа, ёсць час паглядзець?

— Ты ж мяне не ў карцінную галерэю запрашаеш. А на адну карціну час знайду. Заходзь.

Я пайшоў адзін, прыхапіўшы карціну.

— А дзе мастак? — пытае.

— У прыёмнай,— кажу і адразу паказваю твор, каб ён на час забыўся пра мастака.

— Выдатная работа. I дзяўчына прыгожая.— I ўжо ў захапленні: — Умеюць жа людзі падгледзець такое хараство! I як падгледзець!.. Талент! Безумоўна талент! Кліч, я яго павіншую... Далібог харошая работа!