Читать «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."» онлайн - страница 11

Алесь Петрашкевіч

Пётр Міронавіч бачыў тую выставу і той вернуты на яе макет Верхняга горада. Мне стала зразумела акцыя маладых архітэктараў і мастакоў з малым макетам. А Пётр Міронавіч адступіў ад сваёй згоды на разбурэнне Верхняга горада. Хоць, на вялікі жаль, пасля яго амаль разбурылі, а на Цэнтральную плошчу пасадзілі «саркафаг», які і засланіў сабою тое, што ад гістарычнай забудовы яшчэ засталося ў чаканні свайго канца.

Іншы раз думаеш: каб тыя, хто акружаў Першага, менш баяліся за свае шыі і пасады, то многае ўдалося б зберагчы з нашай багатай, але ж не бяздоннай спадчыны.

Дарэчы, пра «саркафаг». Калі Пётр Міронавіч ахаладзеў да ідэі «распа­хивать» Цэнтральную плошчу за кошт разбурэння Верхняга горада, ён даручыў паасобку А. Т. Кузьміну і мне, падшукаць месца для «пасадкі» Палаца Рэспублікі. Не згаворваючыся, мы назвалі адно і тое ж месца — вышыню паміж Паркавай магістраллю (цяпер праспект «Пераможцаў») і Свіслаччу, дзе цяпер узвышаецца помнік гораду-герою Мінску. Пётр Міронавіч пагадзіўся з нашымі прапановамі, але ўзвесці тут будыніну яму не было наканавана. Цэн­тральную плошчу загубіў яго наступнік Ц.Я.Кісялёў. Густы начальнікаў неспавядзімы, калі не грэх так перайначваць афарызмы з Святога Пісання.

Даступнасць, дэмакратызм, разважлівасць Пятра Міронавіча дазваляла многім вырашаць з ім самыя складаныя пытанні і праблемы. Але ж не з кож­ным пытаннем і праблемай можна было дабегчы да яго. I тым не менш, заняты вышэй галавы, ён не закрываў свае дзверы наглуха. Наадварот, іншы раз здавалася, што ён рады твайму прыходу. Можа, гэтак здавалася ад яго выхаванасці і інтэлігентнасці, а можа, і не толькі ад гэтага. Неяк аднойчы, калі я зайшоў з нейкім пытаннем ці за парадаю, ён апярэдзіў мяне і з ціхім сумам сказаў:

— Толькі што пазваніў Грышын, член Палітбюро, і папрасіў... вельмі настойліва папрасіў, каб я прыслаў яму пад Новы год дзевяць тысяч малочных, распатрошаных парасятак, — і змоўк, а потым,— і самае гнюснае ў тым, што я пашлю яму гэтых парасятак,— і больш ні слова пра тую просьбу, а толькі да мяне: — Што ў цябе?..

Гадоў праз пятнаццаць пасля гэтага былы памочнік другога сакратара ЦК КПБ ад сябе расказаў пра тых загубленых парасятак, якіх, вядома ж, адправілі ў Маскву пад нейкае свята. А я сёння думаю, чаму Пётр Міронавіч сказаў мне пра тых парасятак, і што ў яго было на душы ў той час? Якія яшчэ словы не зляцелі з вуснаў? Бо не толькі я ведаў пра гаспадарлівасць, беражлівасць, нарэшце, пачуццё ўласнай годнасці гэтага чалавека, якое было нахабна абражана высокапастаўленым, магутным хамам.