Читать «П.М. Машэраў: "Цяпер я ведаю..."» онлайн - страница 10

Алесь Петрашкевіч

Сабраліся айцы горада, кіраўнікі сталічнай вобласці і, вядома ж, «цвет» саюза «зодчых». Выйшаў са сваёй бакоўкі Пётр Міронавіч і члены бюро ЦК. Настрой у яго быў цудоўны. Гэта адразу ж перадалося іншым. Галоўны архітэктар горада зрабіў бліскучы даклад-прадстаўленне праекта, яго аўтары выступілі з судакладамі. Асноўным «высокородным» памкненнем вандалаў было жаданне «распахнуть», як яны казалі, Цэнтральную плошчу (сёння — Кастрычніцкая плошча) на пойму Свіслачы, зялёную зону, Мінскае возера, а галоўнае — на забудову Паркавай магістралі. Праекты забудовы яе на той час ужо былі абнародаваны. Архітэктары даказвалі, што такой «распахнутой» плошчы яшчэ няма нідзе ў свеце, што гэта будзе нейкая своеасаблівая аглядальная пляцоўка навакольнага хараства, якое яны абяцалі стварыць. На месцы зруйнаванага Верхняга горада планавалі збудаваць лесвіцу з фантанамі, «як у Пецяргофе».

Словам, «энтузіясты» здолелі многім замыліць акуляры. Без цяжкасцяў удалося ім пераканаць і Пятра Міронавіча.

Над гістарычнай рэліквіяй сталіцы навісла смяротная небяспека. А архітэктары бесцырымонна прыспешвалі начальства, усімі сродкамі прапагандавалі «праект веку». А ў ЦК КПБ зноў пачалі ісці калектыўныя пісьмы-пратэсты супраць новай разбуральнай акцыі. Гэта нервавала Машэрава, але ён не спяшаўся адступіць ад свайго рашэння знесці Верхні горад. Надзвычай жа прыгожыя былі малюнкі, падрыхтаваныя архітэктарамі. Падтрымалі ідэю замяніць Верхні горад на лесвіцу з фантанамі і многія іншыя кіраўнікі рэспублікі і горада.

I тут я пайшоў на авантуру, бо быў перакананы, што розум і разважлівасць людская перамогуць, павінны перамагчы. Знайшоў геадэзіста з тэадалітам і папрасіў яго зрабіць «прастрэлы» праз контур-схему Верхняга горада з розных пунктаў плошчы і нават з урадавай трыбуны. Той даволі аператыўна зрабіў планшэт, з якога вынікала, што можна будзе ўбачыць з плошчы, калі разбурыць Верхні горад. Аказалася, калі гэта зрабіць, то можна будзе бачыць глухую сцяну манастыра, царкву і комін старой кацельні другой клінічнай бальніцы, што па вуліцы Горкага. (Цяпер вуліца Максіма Багдановіча.)

Перш чым ісці да Пятра Міронавіча, зайшоў я з планшэтам да Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна — сакратара ЦК па ідэалогіі. У гутарцы адчуў, што ён падзяляе і маю трывогу, і маю настырнасць. Каб не парушаць субардынацыі, сказаў што хачу паказаць Пятру Міронавічу не толькі планшэт, але і ма­кет адбудовы і рэстаўрацыі Верхняга горада, па-майстэрску зроблены групай маладых архітэктараў-энтузіястаў з апісаннем таго, як адрэстаўраваны Верхні горад можа быць выкарыстаны ў культурных мэтах. (Як гэта ні дзіўна, а былі і такія архітэктары.)

Аляксандр Трыфанавіч быў лаканічным, толькі і сказаў:

— Хочаш звярнуць сабе шыю, тады ідзі,— і дадаў: — Пётр Міронавіч не адступае ад сваіх рашэнняў.

I я пайшоў... Пётр Міронавіч з паўгадзіны моўчкі разглядаў то планшэт, то макет. Курыў адну цыгарэту за другой. А потым толькі і сказаў: «Ну, ладна...»

I правёў некалькі сустрэч з радавымі, але па-сапраўднаму руплівымі за зберажэнне нацыянальнай спадчыны архітэктарамі, мастакамі, археолагамі, гісторыкамі і пісьменнікамі. Пра адну з іх мне ведама. У ёй узялі ўдзел архітэктар Анатоль Занеўскі, мастак Віктар Кастанюк, археолаг Міхась Чарняўскі, пісьменнік Уладзімір Караткевіч і намеснік старшыні Савета Міністраў Ніна Сняжкова, якая вяла пытанні культуры. Размова на той сустрэчы атрымалася грунтоўнай, шчырай, зацікаўленай і прынцыповай. Запрошаныя ў адзін голас адстойвалі Верхні горад і шкадавалі разбураную Нямігу. Віктар Каста­нюк і Анатоль Занеўскі расказалі Пятру Міронавічу пра абуральны факт, калі па ўказанні галоўнага архітэктара Мінска Юрыя Грыгор’ева з выставы архітэктурных праектаў забудовы Мінска быў зняты дэталёва распрацаваны вялікі (2x2 метры) макет адрэстаўраванага Верхняга горада, каб ён як-небудзь не перашкодзіў аматарам «распахнуть» Цэнтральную плошчу.