Читать «Над Вугерай — дождж» онлайн - страница 10

Маргарыта Латышкевіч

— Я і не плачу, — глуха сказала яна.

— Вядома, — рахмана пагадзіўся паэт. — Ты ж памятаеш, што я абяцаў дапамагчы тваёй песні?

— Але гэта ніякая не песня, — у Ільгі задрыжалі вусны. — Гэта ўсё праўда, чуеш ты, звар'яцелы не-людзь?! Праўда! І агонь — праўда, і кроў, і... смерць!

Пад павекамі самі сабою ўскіпалі слёзы, ліліся па шчоках — гарачыя, балючыя. Плылі да падбароддзя, апякаючы, джалячы, зрываліся на кальчужны каўнер, бездапаможна слізгалі на грыф паэтавай лютні.

— Вядома, — мякка паўтарыў Йурай. — Гэта ўсё — праўда, Ільга. Але чаму песня не можа быць праўдаю, а праўда — песняю?

Ён зноў гаварыў так, быццам ўсё было зразумела з самага пачатку. Ільга ўсхліпнула, сутаргава ўцягнула ротам паветра.

— І што мне рабіць? — спытала з горыччу.

— Быць у маёй песні, чалавечае дзіця, — проста адказаў Йурай. Зрабіў крок да заплаканай дзяўчыны, амаль бязважкім дотыкам змахнуў з яе шчакі апошнія слязінкі. Асцярожна, быццам прымаў немаўля, падхапіў з яе рук сваю лютню, правёў рукою па спеўных струнах, расквеціўшы яловую цішыню.

— Ага, толькі і ўсяго? Ці мо яшчэ што? — са змрачнаватай усмешкаю пацікавілася Ільга. Слёзы ўжо не кіпелі ўнутры, замкнёныя, забітыя, схаваныя як глыбей, таму апаленая памяць болей не смылела так невыносна.

— А гэтага — досыць, — з непахіснаю упэўненасцю адгукнуўся паэт. Усміхнуўся востра, выскаліўшыся амаль па-воўчы, задзірліва і жыццярадасна.

І Ільга зноў, нечакана для сябе самой, нават насуперак уласнай волі, насуперак уласным бязрадасным прадчуванням, насуперак усяму на свеце яму паверыла. Проста не змагла гэтай яснай усмешцы і светлым вачам не паверыць.

Можа, гэтага сапраўды было — досыць.

Над левым плячом Йурая загарэўся кволы зеленаваты агеньчык. Задзынкаў ціха, павольна плаваючы ў паветры ўверх-уніз, абсыпаў бляклым святлом цёмныя яліны, неяк выхапіўшы з ляснога паўзмроку ўсё да апошняй галінкі, да апошняга каменя ці кораня на сухой зямлі. Браты гэтага агеньчыка, такія ж халодныя, запаліліся, задзынкалі, перагукаючыся, паплылі далей, пазначаючы сцежку.

Сцежка ішла пад адхон — паступова, нетаропка. Дрэвы, старыя, моцныя, прагна ўпіваліся каранямі ў глебу, абступалі, варожа ціснулі з бакоў і зверху. Ад гэтай цеснаты, ад цяжкога паветра, напоенага водарам смалы, рабілася трохі ніякавата. Калматыя цені ад яловых лап дрыжэлі ў няпэўным святле, падбіраліся бліжэй, быццам хацелі ўхапіць. Праз якую сотню крокаў у Ільгі ацяжэла галава, і падавалася, што ўсё гэта — адзін страшны сон пра бясконцы цёмны лес, якому ні пачатку няма, ні канца.

Йурай лёгкаю хадою бязгучна ішоў наперадзе і, не зважаючы на варожыя цені, гаварыў. Голас яго сплятаўся з галасамі чароўных агнёў, расцякаўся між дрэў, падганяў ачмурэлую Ільгу і занепакоеную пярэстую.

Гаварыў ён пра самыя дзіўныя рэчы: пра даўнія-даўнія часы, калі твар гэтай зямлі быў зусім іншы, калі шляхі рэк пралягалі іначай, калі даліны мерылі цяжкімі крокамі, скаланаючы зямлю, нябачаныя звяры.