Читать «Над Вугерай — дождж» онлайн - страница 8

Маргарыта Латышкевіч

— Дык. як жа мне дапамагчы табе, не-людзь?

— А, гэта проста, —Йурай махнуў рукою. — Будзь у маёй песні, не-князёўна.

— У тваёй песні? — Ільга перакрыжавала рукі на грудзях. Гучала, падавалася б, нястрашна, але з не-людзямі не бывае ўсё гэтак проста.

— Лепшыя гісторыі, — паблажліва патлумачыў паэт, — пішуцца толькі тады, калі ўсё бачыў сваімі вачыма. Таму я хачу пабачыць.

— А чым ты можаш дапамагчы мне? — Ільга звузіла вочы. Йурай пругка падняўся на ногі.

— Для пачатку, чалавечае дзіця, — сказаў, цаляючы ўсмешкаю проста ў сэрца. — Дапамагу табе высачыць тваю пачвару.

— Жартуеш, мабыць? — Ільга зняважліва змерыла яго позіркам.

— О, толькі не зараз, — сказаў паэт. — Адно прыхапі маю лютню. І не адставай, чалавечае дзіця.

Ільга, не стрымаўшыся, засмяялася ўголас. Зусім не падобны ён быў да магутнага воя або ўмелага паляўнічага — у гэтым сваім раззалочаным строі, з пяшчотнымі рукамі музыкі.

Йурай, усё яшчэ ўсміхаючыся, зрабіў крок назад, на самую мяжу карункавага ценю — і павярнуўся вакол сябе, і стаў віхураю, і стаў — языком зыркага белага полымя. Ільга ўскрыкнула, закрыла рот далонямі, мацней прыціснулася спінай да нагрэтай сонцам дубовай кары.

Белае полымя апала, заквітнела ззяйкімі крышталікамі інею на белай калматай поўсці. На мяжы ценю і святла стаяў, насмешліва гледзячы на Ільгу зыркімі зялёнымі вачыма, вялізны снежны воўк. Выскаліўся, павёў носам, ловячы вецер, гулліва ўзмахнуў хвастом.

— Што... — ледзь змагла выціснуць Ільга, але воўк ужо стрымгалоў рушыў прэч ад узгорка, скакаў так шпарка, што, здавалася, ляцеў.

— Пачакай! — крыкнула яна, падхопліваючыся. Падчапіла лютню і, прыціскаючы да грудзей, кінулася да пярэстай кабылкі. Тая была не надта задаволена такім паваротам падзей і нават некалькі разоў абурана заржала. Ільга, не зважаючы, як мага хутчэй ускараскалася ў сядло, тарганула аброць, пусціла пярэстую галопам — туды, дзе ў зарасніку яшчэ бялела ваўчынае футра.

I замільгалі хмызнякі, замільгалі гонкія хвоі. Возера бліснула ў апошні раз і знікла за альхоўнікам. 3-пад капытоў пярэстай пырскала іржавая ігліца, разлятаўся жоўты жвір. У Ільгі займала дыханне, яна бліжэй тулілася да шыі кабылкі, шэпчучы:

— Шпарчэй!..

А белы воўк шалёна нёсся наперадзе, быццам выпушчаная з лука сярэбраная страла, мінаючы частыя дрэвы, пераскокваючы карчажыны ды буралом, амаль не кранаючыся зямлі.

З бору вылецелі на заліты сонцам лугавы разлог, прапаролі дрыготкае мора пахкіх траў, збіваючы жоўтыя шапкі ранніх дзьмухаўцоў, узбіваючы ў неба светлыя лісткі канюшыны і бледныя ўюнкі. Пырхнулі прэч з дарогі рудахвостыя курапаткі, кінуўся ўбок агністаю зарніцаю ліс.

Праз кусты глогу зноў уварваліся ў лес. Вавёркі, быццам языкі агню, скакалі з галіны на галіну, захлёбваючыся, сакаталі між сабою. Крычалі, перапырхваючы над Ільгаю, усхваляваныя сарокі — ці то прарочылі, ці то сурочвалі. Зрэшты, ёй іх амаль што не было чуваць, так заўзята, так шалёна свісцеў у вушах вецер.

Прамінулі, ледзь заўважыўшы, адзін звонкі ручай, другі. Трэці пабег навыперадкі, кружляючы, пераскокваючы з аднаго каменнага грэбня на другі, дзынкаючы насмешліва. Побач праходзілі звярыныя сцежкі да вадапою: некалькі разоў краем вока Ільга заўважала імклівыя цені аленяў, што разбягаліся прэч.