Читать «Над Вугерай — дождж» онлайн - страница 11

Маргарыта Латышкевіч

Дзікая Пушча была зусім маладая, сягала ад свінцовых хваляў Паўночнага мора да шумнай салёнай вады на поўдні. Пушча поўнілася галасамі і рухам, поўнілася новым таямнічым жыццём.

А пасля прыходзілі на снежных крылах завей доўгія-доўгія зімы, і пад халоднымі зорамі лёд наступаў з далёкіх адгор'яў, несучы за сабою выгнаннікаў гор — валуны. Лёд глыбока ўразаўся ў цела зямлі, перакройваў па-свойму — і вырасталі ўзгоркі, і распаўзаліся яры, і ўзнікалі з расталага лёду азёры, а валуны, поўныя вечнага суму па згубленых вяршынях, заставаліся на варце новага ладу, урасталі ў зямлю.

Ільга слухала. Перад сівою даўніною схілялі галовы непрыязныя чалавеку дрэвы, і дыхаць было лягчэй, і крокі нанізваліся адзін за другім, нібы пацеркі на доўгую-доўгую нітку.

— Адкуль ты ўсё гэта ведаеш? — падала голас дзяўчына. Выйшла сіпата, нібы маўчала з тых самых спракаветных часоў. Йурай толькі засмяяўся і адказваць не стаў.

Чым ніжэй спускаліся, тым радзейшым станавіўся ельнік, тым болей прыбывала святло. Хутка чароўныя агеньчыкі над сцежкаю па чарзе пабляклі і згаслі, і толькі той першы, прывідна паўпразрысты ў дзённым святле, яшчэ доўга круціўся ў Йурая над плячом.

А дзень даўно пераваліў за палову, і сонца няўхільна апускалася ўсё бліжэй і бліжэй да сіняй стужкі ракі. Лес на даляглядзе падсунуўся бліжэй, клубы дыму над ім пацямнелі і пабольшалі. Зараз нават Ільга ўхапіла праз ноздры тонкі, ледзь улоўны, але несумненны смурод ад гару, які насіўся ў паветры.

Плынь, што падала з таго абрыву, дзе яны нядаўна стаялі, гледзячы на даліну, рассыпала дробныя іскрыстыя пырскі, шалёна круцілася між вільготных льсняных камянёў. Спусціўшыся ніжэй, яна раздавалася ўшыркі і прыцішвалася, абрастала трыснягамі, несла хвалі спакойна і размерана. Але тут, у сваёй каменнай калысцы, плынь неўтаймавана білася і шалёна танчыла, і звінела, падавала радасны голас.

Ля гэтай гаваркой плыні і прыпыніліся — адпачыць і напіцца чысцюткай халоднай вады, ад якой ламіла зубы. Ільга, напіўшыся ўдосталь, рашуча плюхнула з прыгаршчаў вадою сабе на твар, на шыю. Пасля трэсла намоклымі валасамі, спрабуючы аддыхацца, — да таго займала дыханне ад бадзёрага холаду, ад няўмольнай ледзяной свежасці.

Йурай тым часам асядлаў пляскаты камень і, легкадумна боўтаючы нагамі над ашалелаю вадою, важдаўся са сваёй лютняй, бязладна перабіраючы струны.

Лютня пад яго пальцамі загаварыла на птушыны лад: то падавала голас на манер жаўтагрудай сініцы — «Дзілін-дзілін!», то клекатала па-буслінаму, то пасвіствала і шчоўкала малінаўкай. Ільга ледзь прыслухоўвалася, пакуль паіла пярэстую, а калі зноў павярнулася да паэта, то побач з ім ужо сядзелі, паважна ціўкаючы, некалькі дробных камячкоў пер'я. Ад рэзкага руху дзяўчыны маленькія госці жвава кінуліся ўрассыпную, і адна з птушак ледзь не мазнула ёй па шчацэ цёмным крыльцам.

— Гэта... што зараз такое было? — спытала Ільга шэптам. Азірнулася, спрабуючы пабачыць, куды зніклі птахі.

— Весткі, — спакойна адказаў Йурай, і было відаць, што тлумачыць не збіраецца. І не столькі праз сваю фанабэрыю — проста не ўяўляе сабе, што камусь тут могуць спатрэбіцца тлумачэнні.