Читать «Над Вугерай — дождж» онлайн - страница 9

Маргарыта Латышкевіч

Пачалі трапляцца валуны. Падобныя да вялікіх старажытных жывёл, яны паказваліся тут і там, засыпаныя ігліцаю, зарослыя сырым мохам. У некаторых ямінкі на крутых спінах збіралі дажджавую ваду ды сухое вецце, і ў гэтых дробных лужынках адбіваліся кароны стромкіх хвой ды рэдкія латкі сіняга неба.

Валуны большалі, заступалі шлях, таму пярэстай даводзілася хутчэй паварочвацца між іх, знаходзіць дарогу наўкол, па склізкай гліністай глебе. Хваёўнік паволі змяніўся ельнікам, лес пацямнеў і спахмурнеў, цяжкія колкія яловыя лапы час ад часу драпежна хапалі Ільгу за плечы. Таму нечаканы прасвет між дрэвамі наперадзе балюча разануў вочы. Асляплёная яна заміргала, зацерла вочы кулаком і не адразу ўбачыла, што белы воўк прыпыніўся.

Мудрая кабылка, аднак, заўважыла гэта сама — і сама ж стала. Мусіць, злавіла чуйным нюхам нейкі новы, незнаёмы пах, бо занепакоена забіла капытом.

Ільга паволі спешылася, усё яшчэ прыціскаючы да сябе адной рукой паэтаву лютню.

Яны апынуліся на камяністым абрыве, з якога падала, разбіваючыся аб скалістыя ўступы, гаваркая водная плынь. Далёка ўнізе плынь пашыралася, працінала зялёныя ўзгоркі, упарта скіроўваючыся на захад. Праваруч, за палоскамі палёў і сенажацей, за рэдкімі хатамі, што збіваліся ў пары, сінелі, зацягнутыя смугою, частыя зубцы лесу.

Над лесам — Ільга ўважліва прыгледзелася з-пад далоні — віліся спуджаныя птахі і падымаліся, паступова перамешваючыся з нізкімі аблокамі, шызыя іклы дыму.

— Там?.. — дрогкім голасам спытала Ільга ў ваўка. Сэрца яе прапусціла ўдар і сціснулася. Пакуль пачвара была далёка, пакуль ніякіх сведчанняў яе існавання не было заўважна, яна не баялася. А зараз балючая памяць жыва паднесла ёй храбусценне чалавечых касцей у ненажэрнай пашчы і крыкі тых, што гарэлі жывымі, і лямант пахаваных пад зруйнаванаю вежаю.

Без асаблівай патрэбы Ільга праверыла страмёны. Кранулася бацькавай дзіды, паторгала з сілаю — ці добра прымацавана. Правяла пальцамі па вострым наканечніку, адчула, як метал халадзіць скуру, які ён суровы, магутны, надзейны. Пагладзіла па плячы лук — як старога таварыша, палашчыла бела-чырвонае пер'е на стрэлах у калчане.

Думала з халодным, жудасна ясным разуменнем: дотыкаў, пахаў, святла і ценяў, колераў, удыхаў і выдыхаў у яе, можа, хутка ўжо не будзе. Хутчэй за ўсё нават — не будзе. Ніколі. Бацька быў шматкроць лепшы, быў — вой. Але яго больш няма. А Ільзе да бацькі далёка, як да месяца. Ну што, што яна можа?

— Трэба неяк спускацца, — сказала Ільга ваўку, не паварочваючыся, бо не хацела, каб з'едлівы паэт пабачыў яе твар. Ціхенька пацягнула носам і крадком падцерла далонню край правага вока, востра ненавідзячы сябе — за такую нікчэмную слабасць, за няздатнасць нават памерці, як належыць.

— Не плач, чалавечае дзіця.

Ільга непрыязна пакасілася цераз плячо. Йурай паспеў скінуць ваўчынае футра, стаяў побач, абтрасаючы ігліцу з доўгіх вышываных рукавоў, і ад яго постаці між цёмных ялін разыходзілася слабое залацістае ззянне.