Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 91

Віктар Шніп

***

29.04.2016. П’ючы ваду, не памятаеш, ці пляваў ты ў яе раней. Ты п’еш, бо табе хочацца. Напіўшыся, ты можаш плюнуць. І вада не знікне, бо яна вада, у якую ты плюнуў, напіўшыся.

***

30.04.2016. У 2002 годзе ў «Куфэрку Віленшчыны» быў надрукаваны мой матэрыял «І засталася між людзей душа» пра Пятра Бітэля:

«“Паступіўшы пасля заканчэння польскай сямігодкі ў Барунскую настаўніцкую семінарыю, я захапіўся польскай класікай. А калі аднойчы пахваліла мяне за ўдалае сачыненне наша настаўніца польскай мовы і літаратуры Марыя Багушэвіч (нявестка Францішка Багушэвіча — жонка ягонага сына Тамаша), я пачаў цішком, выключна для сябе, прабаваць свае сілы ў творчасці. Усе тыя наіўныя юнацкія творы, як і пазнейшыя — напісаныя ў час настаўніцкай працы, — амаль поўнасцю загінулі ў ваеннай завірусе”, — так успамінаў Пятро Бітэль пра пачатак сваёй творчасці ў 1981 годзе на паседжанні літаратурнага аб’яднання «Рунь» пры Валожынскай раённай газеце «Працоўная слава». На той час Пятру Іванавічу было 69 гадоў. Ён меў адну выдадзеную кніжку «Замкі і людзі» (1968). Але ён быў не адзін — побач з ім былі родныя і блізкія, і ён штодзённа працаваў над перакладамі і не губляў веры, што напісанае ім рана ці позна дойдзе да чытача. І яно паступова даходзіць і становіцца часткай нашай культуры. Творы Пятра Бітэля яшчэ не ў поўнай меры прачытаныя і ацэненыя, але я і так ведаю, што Пятро Іванавіч — гэта гонар Вішнева, Валожыншчыны і Віленскага краю. I я ўдзячны лёсу, што меў магчымасць асабіста ведаць Пятра Бітэля, сябраваць з ім і вучыцца ў яго мужнасці і любові да роднай зямлі. Пятру Бітэлю цяпер было б 90 гадоў, і ён бы мог яшчэ жыць, але... Але засталіся яго творы, памяць пра яго, засталіся мы, хто яго ведаў і любіў як чалавека і творцу.

Чытачам «Куфэрка Віленшчыны» прапаную свае дзённікавыя запісы, па якіх можна прасачыць жыццёвы і творчы шлях Пятра Бітэля на валожынскай зямлі, убачыць, як зараджалася літаб’яднанне «Рунь», дзякуючы якому Пятро Іванавіч адчуў, што ён і яго творчасць патрэбныя людзям. Прапаную пісьмы Пятра Бітэля да мяне.

15.10.1979. Быў у Валожыне 11.10.79 на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 40-годдзю «Працоўнай славы». Пазнаёміўся з Аняй Арцюкевіч, Валянцінай Русакевіч, Петрусём Капчыкам, Пятром Бітэлем і Алесем Хазяніным... З Капчыкам размаўляў пра тое, як бы з’ездзіць да П. Бітэля (цікавы чалавек, добра перакладае). Думаю, з’ездзім.