Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 3
Віктар Шніп
***
10.09.2015. Сярод поля зялёнае дрэва, як прывід з прамінулага лета. Няспешна ідзеш басанож да яго, нібыта баішся спалохаць. Пад нагамі сухая трава. Калючая, як іголкі. Балюча, але маўчыш. Наперадзе дрэва, як твая душа, што развітваецца з полем, якое чакае зімы...
***
11.09.2015. Поўня — гэта кропля вечаровага мёду, які дапамагае ад цёмнага настрою.
***
11.09.2015. Каля крамы стары прадае лісічкі. Грыбы, як залатыя...
***
11.09.2015. У апошнія дні жніўня і першыя вераснёўскія, калі вучыўся ў школе, амаль заўсёды пад вечар хадзіў у лясок, што паблізу нашай хаты. Раскладаў вогнішча і пёк цэлае вядро маладой бульбы. Сам еў і прыносіў бацькам і сястры з братам. Бацькі, відаць, думалі, што мне вельмі моцна есці хочацца, а я, кожны дзень, капаючы лапатай бульбу, думаў пра тое, што як давядзецца яе выбіраць па-сапраўднаму, то яе ўжо меней будзе на полі...
***
11.09.2015. Каля сметніцы старыя пажаўцелыя газеты, як лістота апалая з дрэў, якія ўжо не існуюць.
***
11.09.2015. Каля лаўкі апалае лісце, як разліты каньяк...
***
12.09.2015. У палац пасля рэканструкцыі першымі запусцілі начальнікаў. Як катоў.
***
12.09.2015. Ездзіў на свята горада. У раёне Палаца спорту каля вялікага «белкніжнага» шапіка з адзінаццаці гадзін нейкі час сядзеў за столікам з шыльдай «Кнігі з аўтографам аўтара».
Падышла бабулька. Павіншавала «белкнігаўцаў» са святам. Яны тут жа ёй далі ў падарунак сцяжок. Бабулька, прачытаўшы пад малюнкам надпіс «Лета з добрай кнігай», сказала: «Добрыя кнігі крадуць!»
Спыніліся каля мяне жанчыны. Пачалі гартаць кнігі. Пацікавіліся, колькі каштуюць. Даведаўшыся кошт, старэйшая сумна ўздыхнула: «Каб былі па 50—60 тысяч, то набылі б.»
Пажылая жанчына разгарнула майго «Пугачоўскага цырульніка», пачала чытаць. Засмяялася. Відаць, на нешта смешнае натрапіла. «Падпішыце!» — усміхаючыся, падала кніжку.
Падышоў сівавалосы барадаты хударлявы мужчына майго ўзросту. У яго на пінжаку была прымацаваная зялёна-чырвоная стужка. Не пытаючыся пра кошт кніжак, мужчына сказаў: «Бяру дзве! Падпішыце!» — «Як вас завуць?» — пацікавіўся я і пачуў у адказ: «Раман Давыдавіч!»
Сівабароды невысокага росту мужчына, усміхаючыся, запытаўся: «Пазнаеш?» — «Не!» — адказаў я, і мужчына, не назваўшыся, сказаў: «Памятаеш, гадоў пятнаццаць таму мы разам ездзілі з выступленнямі па дзіцячых аздараўляльных лагерах?» — «Памятаю! Тады з намі былі кампазітар Уладзімір Буднік і паэт Алесь Пісьмянкоў. Даўно ўжо іх няма...» — уздыхнуў я, і мы яшчэ некалькі хвілін пастаялі, паўспаміналі памерлых сяброў.
Стары, беручы маю «Заўтра была адліга», сказаў: «Мяне кошт не цікавіць! Мне трэба аўтограф!»
Жанчына ў гадах, прачытаўшы ў «Пугачоўскім цырульніку» зацемку пра гумарыста Уладзіміра Ермалаева, сказала: «Я добра ведала Уладзіміра Фаміча. Святлейшай душы быў чалавек!»
Праз гадзіну да мяне далучылася Людміла Рублеўская. Уся чытацкая ўвага пераключылася на яе, і я пачаў рэкламаваць Людміліны кнігі.
Нам на замену прыйшлі Міхась Пазнякоў і Анатоль Зэкаў. Людзей каля Палаца спорту ўсё болела і болела. Сказаўшы: «Я змерз на працы!» — я прапанаваў Людміле пайсці ў кавярню пагрэцца. І мы пайшлі.