Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 36
Віктар Шніп
Аляксей Марачкін пры сустрэчы некалькі разоў ужо цікавіўся: «Чаму мой артыкул пра Драздовіча не трапіў у кнігу пра Драздовіча?», і сёння ён яшчэ раз задаў мне гэтае пытанне. Я адказаў, як і ў мінулыя разы (...), і мы разам пасмяяліся...
На адкрыцці выставы было шматлюдна, а не так, як часам, бывае, што карцін на сценах болей, чым іх гледачоў...
На аўтобусны прыпынак ад Віктара Маркаўца ішоў з Уладзімірам Васюком, які папрасіў мяне ганяць на падобныя выставы маладых мастакоў, якія ў нас працуюць у выдавецтве.
***
18.12.2015. У час абедзеннага перапынку купіў у канфіскаце кілаграм «Каралеўскага» сыру. Еду ў ліфце, трымаючы набытак у руках, бо торбы з сабой не захапіў. І раптам ліфт спыняецца напаўдарозе. Зайшлі прыгожыя дзяўчаты. Ліфт тут жа зачыніўся, як вялізарная мышалоўка...
***
19.12.2015. Снілася вёска. Лета. Іду па вуліцы на Юстынаву гару. Праходжу каля двухпавярховага Белага дома. Яго так назвалі гадоў сорак таму. Доўгі час ён быў у вёсцы адзіным домам, які збудаваны з белай цэглы і двухпавярховы. Там жылі прыезджыя. Словам, сніцца, што іду каля Белага дома. Раптам расчыняюцца дзверы пад’езда і на вуліцу выходзіць Альгерд Бахарэвіч з дзецьмі (хлопчыкам і дзяўчынкай). Вітаемся. Я пытаюся: «Ты да некага ў госці прыехаў?» — «Не! Я тут цяпер жыву. Я напісаў кнігу пра Шабаны, а цяпер пішу пра твае Пугачы!» — адказаў Альгерд і прапанаваў пайсці з ім у сад.
***
19.12.2015. У СМІ вычытаў, што ў нас было ўжо шэсць міністраў замежных спраў Беларусі. Адны з іх запомніліся больш, іншыя менш. З Пятром Краўчанкам (1990—1994) і цяпер даводзіцца сустракацца. Ён зрэдку прыходзіць у выдавецтва, каб у аддзеле рэалізацыі набыць кнігі. Часам заглядае да мяне ў кабінет. З Іванам Антановічам (1997—1998) знаёмы яшчэ з 1981 года, калі ён ад ЦК Кампартыі прыязджаў у Каралішчавічы і выступаў перад удзельнікамі Рэспубліканскай нарады маладых літаратараў Беларусі. Уладзімір Сянько (1994—1997) некалькі разоў прыходзіў у рэдакцыю «ЛіМа» і мы з Міколам Гілём і Барысам Пятровічам давалі яму свежыя нумары штотыднёвіка і распавядалі пра творы, якія варта пачытаць. Словам, былі часы.
***
20.12.2015. Тысячагоддзямі людзі спрачаюцца, ваююць за землі. А зямля ўся, дзе мы ўсе жывём, належыць Адаму і Еве.
***
20.12.2015. Снілася родная хата. Вечар. Марозіць. Я прыехаў дадому, збіраюся пераначаваць. На кухні падлога зусім сапсавалася. Змрочна. Сцюдзёна. Заходжу ў залу, а там цяплей і святлей. Здаецца, што тут нядаўна былі бацькі. І ў мяне з’яўляецца надзея, што пераначую, не змерзну. Прачынаюся. Успамінаю бацькоў. 25 снежня будзе тры гады, як бацька адышоў да мамы ў лепшы свет...
***
21.12.2015. З фотамайстрам Яўгенам Коктышам мы знаёмыя гадоў дваццаць пяць. Увесь гэты час ён мяне фатаграфуе пры сустрэчы. Напачатку года паказваў вялікі альбом, дзе ў яго сабраны фотаздымкі многіх вядомых людзей Беларусі, зробленыя ў розныя гады. Большасць фотаработ нідзе не друкаваліся. Убачыўшы свае здымкі, я папрасіў падарыць пару. Спадар Яўген абяцаў прынесці. Сёння прынёс пяць, зробленых не так даўно. Гартаючы старонкі новай кнігі пра Уладзіміра Мулявіна, дзе змешчаны і здымкі Яўгена Коктыша (каля дваццаці), што нам прадставіла аўтарка кнігі Людміла Крушынская, спадар Яўген сказаў: «Трэба было звярнуцца да мяне! У мяне яшчэ ёсць каля пяцідзесяці здымкаў з Мулявіным, якія нідзе не друкаваліся.» У адказ я толькі і прамовіў: «Значыць, ужо ёсць новыя матэрыялы для новай кнігі пра Песняра...»