Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 38
Віктар Шніп
У зале, дзе прадстаўлены гравюры Франсіска Гоі (1746—1828) і Пабла Пікаса (1881—1937), шмат людзей. Многія падоўгу стаяць каля асобных работ, разглядаюць, выказваюць адзін аднаму свае ўражанні. Назвы гравюр у Гоі, як вершы ў адзін радок — «Яна моліцца за яе», «Ніхто нікога не ведае», «Збан разбіўся», «Сон розуму нараджае пачвар», «Вазы на могілках», «Уцякаюць праз агонь», «Ужо няма часу». Як вершы, і гравюры ў Пікаса — «Фаўн, які раскрывае спячую», «Сляпы Мінатаўр, якога вядзе маленькая дзяўчынка ўночы», «Мінатаўр, які атакуе амазонкаў».
Не абмінулі выставы карцін Мікалая Залознага і Мацвея Басава, а таксама кераміку Валерыя Калтыгіна. Тут найбольш мяне ўразіў цыкл «У кожнага свой крыж». Я палічыў крыжы. Усіх 26. З савецкай памяці ўсплылі Дваццаць шэсць бакінскіх камісараў.
Пасля Нацыянальнага мастацкага музея зайшлі ў «Штолле», дзе напаткалі дачку Івана Чыгрынава Таццяну. Будучы ў Парыжы мінулым летам, мы з ёй сустрэліся на Елісейскім полі ў кавярні. Тады і сёння мы падсілкоўваліся за столікам, дзе да нас сядзела дачка Чыгрынава. Паеўшы пірагоў, папіўшы гарбаты з руж, Людміла пацікавілася: «Ну як?» — «Як у Парыжы!» — адказаў я.
Наведалі «Цэнтральную» кнігарню. У беларускім аддзеле жанчына з дачкой пазнала Людмілу і пашкадавала, што ўжо набылі і прачыталі ўсе «Авантуры Пранціша Вырвіча».
Зайшлі ў Свята-Пятрапаўлаўскі сабор. Заказалі малітву аб памерлых, паставілі свечкі. Сёння тры гады, як памёр мой бацька.
***
26.12.2015. Жорны, як і крыж, святыя.
***
27.12.2015. Заходзіў у майстэрню Алеся Квяткоўскага. Ён некалькі дзён таму закончыў «Партрэт Святланы Алексіевіч». Карціна новая, але яна амаль цалкам паўтарае тую, напісаную яшчэ ў 1987 годзе, калі Святлана Аляксандраўна прыходзіла да мастака і пазіравала яму. На жаль, той партрэт захоўваецца ў некага са знаёмых Алеся, а рэпрадукцыя надрукавана ў «Энцыклапедычным даведніку Беларускага саюза мастакоў. 1938 — 1998». Гледзячы на Глобуса і на мяне, Алесь таксама падвёў вынікі працы за 2015 год. Ім напісана 17 карцін і зроблена шмат эскізаў для будучых палотнаў.