Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 34

Віктар Шніп

***

14.12.2015. Ездзіў у Дом быту, што каля станцыі метро «Інстытут куль­туры». Замовіў новыя акуляры. Каштуюць няслаба. Узгадалася, як гадоў пятнаццаць таму з Алесем Пісьмянковым, які тады быў галоўным рэдактарам «ЛіМа», а я ягоным першым намеснікам, прыязджалі сюды, каб здаць у хімчыстку Алесеў касцюм. Даведаўшыся, колькі паслуга будзе каштаваць, сябра сказаў: «Я дабаўлю да гэтай сумы грошай і новы касцюм куплю, а пакуль што мы з Вікторам пойдзем піва пап’ём!» І мы пайшлі, і папілі піва, а праз месяц Алесь набыў новы касцюм.

***

15.12.2015. Дзякуючы Алене Ляшковіч і ўсім яе купалаўцам ездзіў у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі» на ўрачыстае адкрыццё новай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі. Ехалі з Мінска тры з паловай гадзіны. Сядзеў з Навумам Гальпяровічам. Усю дарогу гаманілі пра цяперашнія жыццёвыя варункі, узгадвалі сяброў, якія адышлі ў лепшы свет. Некалькі тыдняў таму пасля цяжкай хваробы памерла былая дырэктарка бібліятэкі імя Пушкіна Наталля Чуева. Шмат гадоў яна арганізоўвала і праводзіла творчыя семінары «Слова Купалы да творчасці кліча», якія праходзілі на Лагойшчыне. Я меў шчасце разоў пяць удзельнічаць у іх літнастаўнікам. Шмат паэтаў Мінскай вобласці, якія былі на гэтых семінарах, цяпер маюць свае кнігі, прыняты ў Саюзы пісьменнікаў.

На паўдарозе да Ляўкоў мы выйшлі з аўтобуса на адпачынак якраз на тым месцы, дзе ў 2002 годзе спыняліся з Алесем Пісьмянковым, Эдуардам Акуліным, Анатолем Зэкавым і Лідзіяй Макарэвіч, едучы з Ляўкоў, дзе разам з віцебскімі паэтамі Анатолем Канапелькам, Давідам Сімановічам, Алегам Салтуком, Алесем Жыгуновым удзельнічалі ў свяце паэзіі. На сённяшні дзень з віцябчан жывы толькі Жыгуноў. З Пісьмянковым тады ў прыдарожнай альтанцы мы сфатаграфаваліся. Недзе ў мяне захоўваецца здымак. Было лета. Цёпла. Светла. Пісьмянкоў у Ляўках пакупаўся ў Дняпры. Я сачыў, каб ніхто не прыйшоў, бо Алесь быў зусім голы. У яго была звычка купацца ва ўсіх вадаёмах, каля якіх можна было прыпыніцца. Ён любіў ваду.

У Ляўках нас сустрэлі хлебам-соллю і песнямі. У час урачыстасцяў з пісьменнікаў выступілі Навум Гальпяровіч і я. Упершыню прагучаў гімн Купалаўскага музея, створаны Камоцкім і Гальпяровічам. Экспазіцыя вельмі багатая і зроблена па-сучаснаму. Усім, думаю, запомніцца пакой, дзе за акном у садзе ходзіць Янка Купала і аглядае дрэвы.

Андрэй Скарынкін, гледзячы са мной на копію верша «Спадчына» (19.11.1918), сказаў: «Валерый Дайнека з «Песняроў» нарадзіўся ў адзін дзень з гэтым вершам...» «Нарадзіўся праз узрост Хрыста.» — дадаў я. «Так. Праз 33 гады, але Дайнеку вельмі далёка да Хрыста.» — усміхнуўся Андрэй. Прыехаўшы дамоў, я заглянуў у энцыклапедыю, і даведаўся, што Валерый Дайнека нарадзіўся 29.11.1951 года.