Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 35

Віктар Шніп

Я прапанаваў схадзіць да Дняпра. Бераг круты. Да вады далёка. Са мной пайшлі Аксана Аракчэева, Міхась Шавыркін, Навум Гальпяровіч і Анатоль Бутэвіч. Вада ў рацэ цяплейшая за вецер. Празрыстая, як неба. Вярнуўшыся на высокі купалаўскі бераг, Анатоль Іванавіч запытаўся: «Колькі прыступак у лесвіцы?» Ніхто правільна не адказаў. Я сказаў: «365!» «Не! 210!» — задаволена назваў лічбу Анатоль Іванавіч.

Сонца не было. Але пасля таго, як мы схадзілі да Дняпра і пачалі ўздымацца па лесвіцы да Купалы, каля ракі на заснежанай траве з’явілася сонечная паляна, якая, чым мы бліжэй былі да Купалы, павялічвалася, а потым і разраслася на ўсё нааколле Купалаўскай зямлі.

***

16.12.2015. Па запрашэнні Таццяны Гаранскай быў у мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага на адкрыцці выставы Віктара Маркаўца «Заслаўе. Жывапісныя імпрэсіі старога горада». Большасць карцін мне даўно знаёмыя. Некаторыя ў канцы 80-х і пачатку 90-х друкаваліся ў часопісе «Беларусь», дзе я працаваў у аддзеле культуры і рыхтаваў да друку каляровую ўклейку з рэпрадукцыямі работ мастакоў. У тыя часы шмат было створана карцін, у якіх адлюстроўваецца наша гісторыя. Праз іх для многіх беларусаў адкрывалася незнаёмая Беларусь — краіна замкаў, храмаў, рыцараў, князёў, асветнікаў, змагароў і герояў. І сёння, ходзячы па выставе Віктара Маркаўца, я адчуваў сябе вучнем, які паўтарае даўнія ўрокі па гісторыі нашай краіны.

Сустрэў на выставе земляка з Ракава Фэліка Янушкевіча. Ягоныя партрэты Льва Сапегі і Васіля Цяпінскага вісяць у мяне ў кабінеце. З Фэлікам мы даўно ўжо бачыліся. Раней, у маладосці, праязджаючы на аўтобусе праз Ракаў, я амаль кожны тыдзень бываў у яго дома. Тады яшчэ жылі бацькі Фэліка. Ягоная маці мяне заўсёды пасля дарогі карміла, а я сілкаваўся і глядзеў, як Фэлік малюе. Многія карціны тварыліся на маіх вачах. Гэта ўсё было даўно. Цяпер Фэлік малюе мала, а ўсё больш займаецца сваім музеем. Я расказаў пра сваіх дзяцей, а Фэлік пра сваіх. Мае — мастакі, Фэліка — музыканты.

Мастак Віктар Барабанцаў зноў напомніў пра партрэт Людмілы Рублеўскай, які ён намаляваў гадоў пятнаццаць таму, а гадоў пяць таму падарыў нам. Ніяк не можам забраць. Я абяцаў праз пару тыдняў з Людмілай заглянуць у майстэрню да Віктара.

З Алесем Разанавым узгадалі пра маладую мастачку Кацярыну Дасько, якая яшчэ ўсё афармляе ягоную кнігу для «МЛ». Трэба будзе падшавяліць дзяўчыну, а то час ляціць і ў Алеся Сцяпанавіча ўжо губляецца надзея, што нешта атрымаецца з выданнем выбраных пункціраў.

Стоячы каля карціны Віктара Маркаўца, дзе сяўня і груган, Алесь Разанаў расказаў мне гісторыю яе стварэння: «Напачатку былі і сяўня, і груган, але нечага не хапала. Я прапанаваў Віктару, каб ён намаляваў зерне. Залатое зерне. І ён намаляваў зерне, і карціна набыла філасофскі сэнс».

Алесь Разанаў у «Лятучым універсітэце» чытае лекцыі. У яго было пытанне да мяне: «Ці ведаеш, калі быў напісаны верш Алеся Пісьмянкова «Мой сад у снезе па калена.»? Я студэнтам сказаў, што «незадоўга да смерці паэта...» Вярнуўшыся з выставы, я знайшоў верш Пісьмянкова і паведаміў Алесю Сцяпанавічу, што твор напісаны ў 1986 годзе. «Трэба будзе выправіцца на наступнай лекцыі!» — дзякуючы за дапамогу, сказаў Разанаў...