Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 2
Віктар Шніп
***
9.09.2015. Наведаў галерэю сучаснага мастацтва «Ў», дзе прэзентаваліся адразу тры новыя кнігі — Людмілы Рублеўскай «З’яўленне Інфанты», Леаніда Галубовіча «Поўня» і Юрыя Несцярэнкі «Звычайны шоу-бізнес». Напачатку зайшоў у кнігарню «ЛогвінаЎ». Сярод выданняў у бязлюднай зале, як кніжны Бог, стаяў Алесь Разанаў. Убачыў мяне, заўсміхаўся і адразу набыў выгляд паэта. Абмеркаваўшы працу над кнігай «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж», якую яшчэ ўсё афармляе мастачка, Алесь Сцяпанавіч звярнуўся да маладзенькай кнігакрамніцы: «Вы ведаеце, хто гэта?» Дзяўчына, зірнуўшы мне ў вочы, адказала: «Ведаю. Віктар Шніп». — «А вы ведаеце, хто ён Рублеўскай?» — «Муж!» Задаўшы яшчэ некалькі пытанняў і атрымаўшы правільныя адказы, мы з Алесем Сцяпанавічам пайшлі на прэзентацыю. Людміла выступала першай. Потым Леанід, які пачаў з паказу магніціка на лядоўню з надпісам: «Писал с утра до вечера, а читать нечего!» Настрой знаёмы. Аднак было што паслухаць у кожнага з выступоўцаў. Несцярэнка выканаў шэсць песень. Сярод якіх прагучалі на словы Рублеўскай і Галубовіча. Спецыяльным госцем вечарыны стаў паэт і бард Ігар Канановіч, у якога нядаўна ў серыі СБП выйшаў вершаваны зборнік «Астэроід». Пасля прэзентацыі можна было набыць кнігі. Я пайшоў у кнігарню і купіў «Поўню». Вярнуўся, каб атрымаць ад Галубовіча аўтограф, а яго і след прастыў. Дамоў з Людмілай вярталіся пешшу па праспекце. Нас праводзілі сябры аж да Чырвонага касцёла. Каля кнігарні «Цэнтральная» бачылі Сяргея Харэўскага, які вёў экскурсію. Людзі ішлі за Сяргеем, як за апосталам ягоныя вучні. Перабегшы праспект, не спыняючыся, удзельнікі экскурсіі прайшлі каля бюста Дзяржынскага і зніклі ў змроку скверыка. Дамоў з Людмілай вярнуліся амаль у дзесяць гадзін. Перад сном чытаў вершы Г алубовіча, узгадваючы тыя гады, калі мы пасля вечарын не разбягаліся, як мышы ў свае норы, а працягвалі гавэнду, пакуль не канчаліся грошы.
***
10.09.2015. Іду праз сквер. Пад нагамі апалая лістота. На лаўцы сядзіць стары, як на лаве падсудных.
***
10.09.2015. Шаткую капусту. З далёку, з дваццатага стагоддзя чуецца голас мамы: «Асцярожна з нажом!»
***
10.09.2015. Зайшло сонца. Цёмна і сцюдзёна, нібыта сонца і не было. Гляджу з акна, як з «Чорнага квадрата» Малевіча...