Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 5

Іван Навуменка

У тыя далёкія гады я глядзеў на настаўнікаў, як на нейкіх вышэйшых істот. Я не дапускаў нават думкі, што яны могуць быць самымі звычайнымі людзьмі, могуць памыляцца або рабіць якія-небудзь брыдкія ўчынкі. Я цвёрда верыў, што нашы педагогі жывуць нейкім асаблівым, ідэальным жыццём.

Настаўнікі ўяўляліся мне нават у сваім дамашнім побыце гэткімі ж строгімі і разумнымі, як і на ўроках. Раз яны вучаць нас стараннасці, праўдзівасці, сумленнасці, то і самі павінны быць такімі. Інакшай думкі я не дапускаў.

Рашэль, якая хвалілася тым, што цэлых два гады працавала ў школе, сваімі паводзінамі неяк супярэчыла гэтаму майму ўяўленню. Яна па-ранейшаму ўночы чытала, а ўдзень спала або сноўдалася па двары. Я не хацеў лічыць Рашэль за настаўніцу. Але яна ўсё ж настаўніцай была, у гэтым прыйшлося пераканацца. Яна ведала напамяць безліч вершаў, прачытала страшэнна многа кніг. Іншы раз Рашэль правярала Пекавы сшыткі, і я бачыў, што яна не прапускала ніводнай самай маленькай памылкі. Яна вельмі добра ведала ўсе граматычныя правілы і, не заглядваючы ў слоўнік, гаварыла, як трэба напісаць тое або іншае слова. Я не памятаю, каб Рашэль хоць раз памыліла-

Мы з Пекам вучыліся даволі роўна. Ён па-ранейшаму пісаў рускія дыктанты лепш за мяне, але па астатніх прадметах я ад яго не адставаў. Урокі мы рыхтавалі разам, на нашай палавіне хаты, і гэта давала нам вялікую эканомію ў часе. Задачы, якія нам задавалі на дом, мы дзялілі папалам і рашалі кожны сваю частку, а потым адзін у другога перапісвалі рашэнне. Гэтак жа мы паступалі і з нямецкім перакладам. Яшчэ лепш ішла справа з вуснымі прад-метамі. Тут было прасцей. Адзін з нас чытаў, а другі слухаў. Потым мы закрывалі кнігу і, дапамагаючы адзін аднаму, успаміналі і пераказвалі прачытанае.

Дзякуючы такой, намі ж выдуманай сістэме, на падрыхтоўку ўрокаў мы трацілі не больш дзвюх гадзін. Увесь астатні час мы аддавалі кнігам. Гаспа-дарчы клопат з Пекавай галавы спаў, бо цяпер Рашэлі прыслужвала мая маці. Пад выглядам падрыхтоўкі ўрокаў мы на працягу доўгіх асенніх вечароў глыталі кнігу за кнігай. Мы чыталі ўсё, што трапляла пад руку. Рашэль аб гэтым, вядома, не здагадвалася. Яна б ніколі не дазволіла Пеку чытаць кнігі, якія не мелі ніякага дачынення да школьнай праграмы.

3 Пекам я сябраваў, мы абмяркоўвалі з ім многія рэчы, але адно ў ім было незразумела. Ён ніколі не гаварыў праўды сваёй доўгай сястры. Змаўкаў, калі яна выходзіла са свайго пакоя, і амаль увесь свой час праводзіў на нашай палавіне хаты. Пека жыў нейкім дваістым жыццём. Дома, паблізу ад сястры, ён быў ціхі і пакорлівы, не павышаў голасу і не смяяўся. На вуліцы ж або ў школе Пека мяняўся на вачах. Ён быў бадай самы гарэзлівы хлапец у нашым пятым класе. Ён дужаўся з аднакласнікамі, бегаў па партах, прыкладваў кожнаму мянушкі. Адзін раз ён нават разбіў да крыві нос вучню чацвёртага класа за тое, што той назваў яго канапатым. У Пекі сапраўды ўвесь твар быў у вяснушках, і крыўдаваць за мянушку яму не выпадала, бо і сам ён ахвотна даваў іх кожнаму. Мы ледзь тады ўгаварылі таго вучня не скардзіцца ў шко-ле...