Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 81

Тор Хейердал

Калі мы лажыліся на край плыта і звешвалі галовы ў празрыстую ваду, ніжняя частка плыта здавалася нам брухам нейкага марскога страшыдла; рулявое вясло нагадвала хвост, а кілі тырчалі нібы тупыя плаўнікі. I паміж імі адзін ля аднаго плавалі ўсе ўсыноўленыя намі лоцманы, якія не звярталі ніякай увагі на галовы людзей, што пускалі бурбалкі; хіба толькі адна — дзве рыбкі імкліва кідаліся ўбок і тыцкаліся нам у нос, каб пасля гэтага зноў спакойна вільнуць назад і заняць сваё месца ў радах нястомных плыўцоў.

Нашы лоцманы патрулявалі двума атрадамі: большая частка плавала паміж кілямі, астатнія прыгожым, падобным на веер строем рухаліся перад самым носам плыта. Час-ад-часу яны імкліва кідаліся ўбок, каб схапіць якую-небудзь прыгодную для яды драбязу, што праплывала міма; а пасля нашых абедаў, калі мы мылі за бортам пасуду, можна было падумаць, што разам з аб’едкамі мы высыпалі ў ваду цэлую скрынку цыгар — паласатых лоцманаў. Яны не прапускалі, папярэдне не пазнаёміўшыся, ніводнага кусочка, і калі ён быў не расліннага паходжання, то лоцманы адразу ж глыталі яго. Гэтыя пацешныя рыбкі туліліся пад нашым; крыльцам з такой дзіцячай даверлівасцю, што мы, нібы тыя акулы, адчувалі да іх нейкую бацькоўскую спагаду. Лоцманы зрабіліся марскімі любімцамі «Кон-Цікі», і было ўстаноўлена «табу», якое забараняла крыўдзіць іх.

Сярод нашай світы былі, вядома, лоцманы, якія яшчэ не выйшлі з дзіцячага ўзросту, бо яны мелі ў даўжыню трошкі больш, чым два сантыметры, у той час як большасць была даўжынёй сантыметраў пятнаццаць. Калі кітовая акула, пасля таго як Эрык усадзіў ёй у чэрап гарпун, кінулася з хуткасцю маланкі прэч, некаторыя з лоцманаў, што суправаджалі яе, перайшлі на бок пераможца; яны былі ў даўжыню па шэсцьдзесят сантыметраў. Неўзабаве пасля шэрагу перамот за «Кон-Цікі» плыло следам 40—50 лоцманаў, і многім з іх так спадабалася спакойнае плаванне і штодзённыя аб’едкі, што яны суправаджалі нас на працягу тысяч міль.

Але часам лоцманы здраджвалі нам. Аднойчы ў час вахты ля руля я звярнуў увагу на тое, што на поўдзень ад нас вада раптам забурліла, і ўбачыў вялізную чараду залатых макрэлей, якія, нібы бліскучыя тарпеды, імчаліся ў наш бок. Звычайна яны набліжаліся, мірна гуляючы, то падскакваючы, то шлёпаючыся назад у ваду пляскатымі бакамі; на гэты раз яны імчаліся з шалёнай хуткасцю больш па паветры, чым па вадзе. Сіні зыб быў узбіты ў белую пену сутаргавымі рухамі ўцекачоў, што ляцелі без усякага парадку; а за імі, быццам быстраходны кацер, зігзагамі імчалася нечая чорная спіна. Залатыя макрэлі вялізнымі скачкамі наблізіліся да самага плыта; тут яны нырнулі і ўсёй чарадой, у якой было траха не сто штук, цесна збіўшыся, кінуліся на ўсход, так што ўсё мора ў нас за кармой зазіхацела яркімі фарбамі. Бліскучая спіна таго, хто гнаўся за імі, напалову паказалася над вадой, апісаўшы прыгожую крывую, нырнула пад плыт і памчалася, як тарпеда, за чарадой залатых макрэлей. Гэта была надзвычай здаравенная блакітная акула, даўжынёй, бадай што, каля шасці метраў. Калі яна знікла, мы не далічыліся часткі нашых лоцманаў. Яны знайшлі больш прывабнага марскога героя і вырашылі далучыцца да яго.