Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 82

Тор Хейердал

На думку спецыялістаў, з усіх марскіх жывёл больш за ўсё нам трэба было асцерагацца кальмараў, паколькі яны маглі забрацца на плыт. У Нацыянальным геаграфічным таварыстве ў Вашынгтоне нам паказалі справаздачы і драматычныя здымкі, зробленыя пры ўспышках магнію; гэтыя здымкі сведчылі, што адзін з раёнаў плыні Гумбольдта вельмі часта наведваюць велізарныя кальмары, якія ўночы выплываюць на паверхню акіяна. Яны такія пражэрлівыя, што калі адзін з іх, схапіўшы кавалак мяса, трапляе на кручок, дык адразу ж з’яўляецца другі і пачынае жэрці свайго родзіча, які апынуўся ў палоне. У іх такія шчупальцы, што імі яны распраўляюцца з вялікай акулай і пакідаюць страшэнныя шрамы на целе кітоў; а паміж шчупальцамі ў іх схавана не слабейшая, чым у арла, дзюба. Нам напаміналі, што кальмары часта ляжаць на вадзе, свецячы ў цемры вачыма, і што, калі нават яны палянуюцца ўскараскацца на сам плыт, то сваімі доўгімі шчупальцамі змогуць пранікнуць ва ўсе куткі нашага судна. Нас зусім не цешыла перспектыва адчуць, як халодныя шчупальцы сціскаюць нам ноччу шыю і выцягваюць са спальных мяшкоў; таму на выпадак, калі б мы раптам прачнуліся ад дотыку шчупальцаў, мы ўзялі з сабой цяжкія нажымачэце, па аднаму на кожнага. Думка аб кальмарах больш за ўсё трывожыла нас перад адплыццём, асабліва пасля таго, як акіянографы ў Перу загаварылі з намі на гэтую самую тэму і прадэманстравалі карту, на якой самы небяспечны ўчастак быў абазначаны якраз у плыні Гумбольдта.

Доўгі час мы не прыкмячалі ніякіх адзнак гэтых малюскаў ні на плыце, ні ў акіяне. Але вось аднойчы раніцай мы атрымалі першае папярэджанне, што яны знаходзяцца ў гэтых водах. Калі ўзышло сонца, мы ўбачылі на плыце маленькае дзіцяня кальмара; яно было велічынёю з ката. Уночы яно без усякай дапамогі збоку ўзлезла на палубу і цяпер ляжала мёртвае, абвіўшы шчупальцамі бамбукавую жэрдку перад дзвярыма каюты. Густая чарнільна-чорная вадкасць расцяклася па бамбукавай палубе і ўтварыла лужынку вакол кальмара. Мы спісалі некалькі старонак у суднавым журнале гэтым чарнілам, якое нагадвала чорную туш, а потым выкінулі труп дзіцяняці за борт на радасць залатым макрэлям.

Мы палічылі, што гэтае нязначнае здарэнне прадказвае з’яўленне больш буйных начных наведвальнікаў. Калі дзіцяня магло забрацца на плыт, дык тым больш здольны на гэта яго галодны бацька. Нашы продкі адчувалі, напэўна, тое ж, што і мы, калі яны плавалі на сваіх караблях у эпоху вікінгаў і думалі аб духу мора.