Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 83

Тор Хейердал

Але наступная падзея зусім збіла нас з панталыку. Неяк раніцай мы знайшлі на вільчаку нашага даху з пальмавага лісця маладога кальмара, які меў яшчэ меншыя памеры. Мы ніяк не маглі гэта вытлумачыць. Залезці туды сам ён не мог, бо чарнільныя плямы былі відаць толькі вакол яго, пасярэдзіне даху. Яго не магла ўпусціць туды марская птушка, бо на ім не было ніякіх пашкоджанняў або слядоў ад дзюбы. Мы вырашылі, што яго закінула на дах хваляй, хоць ні адзін з тых, хто стаяў на вахце, не мог успомніць, каб уночы была такая хваля, якая б залівала плыт. Мінала адна ноч за другой, і мы рэгулярна знаходзілі на плыце новых маладых кальмараў, самы маленькі сярод якіх быў велічынёю з сярэдні палец.

Неўзабаве мы прывыклі да таго, што кожную раніцу на палубе сярод лятучых рыб ляжалі адзін — два маленькія кальмары, нават калі ўночы мора было зусім спакойнае. Гэтыя маладыя кальмары належалі да той самай чортавай разнавіднасці, пра якую нам расказвалі; яны мелі восем доўгіх шчупальцаў, усеяных круглымі прысоскамі, і два яшчэ даўжэйшыя, з падобнымі на калючкі кручкамі на канцы. Але вялікія кальмары ні разу не з’яўляліся на плыце. У цёмныя ночы мы бачылі, як павольна праплывалі ля самай паверхні вады, ззяючы фосфарным святлом, чыесьці вочы; і толькі ўсяго адзін раз акіян вакол нас закіпеў і забурліў, калі штосьці падобнае на вялікае кола ўсплыло наверх і перавярнулася ў паветры, а некаторыя з нашых залатых макрэлей, ажно выскакваючы ад жаху з вады, кінуліся наўцёкі. Але чаму вялікія кальмары ніколі не з’яўляліся на плыце, у той час як маленькія былі пастаяннымі начнымі наведвальнікамі, доўга заставалася для нас таямніцай; рашэнне гэтай загадкі мы знайшлі толькі праз два месяцы — два месяцы, за якія мы назапасілі багаты вопыт; у той час мы знаходзіліся ўжо па-за межамі злашчаснага раёна кальмараў.

Маладыя кальмары па-ранейшаму з’яўляліся на плыт. Аднойчы сонечнай раніцай мы ўсе ўбачылі чараду нейкіх бліскучых стварэнняў, што выскаквалі з вады і ляцелі па паветры, нагадваючы вялікія кроплі дажджу, між тым як мора кіпела ад залатых макрэлей, якія гналіся за імі. Спачатку мы думалі, што гэта чарада лятучых рыб, бо ў нас на плыце пабывала ўжо тры разнавіднасці іх. Але калі яны наблізіліся і некаторыя пачалі пералятаць над плытом на вышыні прыкладна паўтара метра, адно з гэтых стварэнняў стукнулася аб грудзі Бенгта і шлёпнулася на палубу. Гэта быў маленькі кальмар. Нашаму здзіўленню не было канца. Калі мы змясцілі яго ў брызентавае вядро, ён усё адпіхваўся і падскакваў угору, але ў маленькім вядры не мог як след разагнацца і толькі напалову выскакваў з вады. Усім вядома, што кальмар звычайна плавае па прынцыпу ракетнага самалёта. Ён з вялікай сілай прапускае ваду праз закрытую трубку, што праходзіць збоку ў яго тулаве, і такім чынам можа даволі хутка, штуршкамі, рухацца назад; падкурчыўшы ўсе свае шчупальцы і склаўшы іх, нібы кісць рукі, на галаве, ён набывае абцякаемую, як у рыбы, форму. З бакоў ён мае дзве круглыя тоўстыя складкі скуры, якія звычайна служаць для кіравання і для таго, каб зручней было плаваць у вадзе. Але вось мы выявілі, што безабаронныя маладыя кальмары, якія з’яўляюцца любімай пажывай для многіх буйных рыб, могуць уцякаць ад сваіх ворагаў, узнімаючыся ў паветра, нібы лятучыя рыбы. Яны ажыццявілі на практыцы прынцып ракетнага самалёта задоўга да таго, як чалавечы геній натрапіў на гэтую ідэю. Яны напампоўваюць і выпускаюць з сябе марскую ваду да таго часу, пакуль не набываюць вялізнай хуткасці, а потым, распрастаўшы складкі скуры, нібы крылы, яны адрываюцца пад вуглом ад паверхні вады. Як і лятучыя рыбы, маладыя кальмары імчацца планіруючым палётам над хвалямі, пакуль дазваляе ўзяты імі разгон. Пасля гэтага выпадку мы пачалі звяртаць на іх увагу і часта бачылі, як яны па адным, па два або па тры праляталі 45—55 метраў. Той факт, што кальмар можа планіраваць, быў навіной для ўсіх заолагаў, з якімі нам давялося сустрэцца, пасля таго як мы вярнуліся з экспедыцыі.