Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 79

Тор Хейердал

Спачатку мы ставіліся да акул з вялікай павагай; прычынай таму былі іх рэпутацыя і пагрозлівы выгляд. У гэтым завостраным тулаве, якое было не што іншае, як вялізны клубок стальных мускулаў, таілася шалёная сіла, а шырокая пляскатая галава з маленькімі зялёнымі кашэчымі вачыма і шырачэзнай пашчай, у якой мог змясціцца футбольны мяч, сведчыла аб бязлітаснай прагнасці. Калі чалавек ля руля крычаў «акула ўздоўж правага борта» або «акула ўздоўж левага борта», мы выскаквалі на палубу, хапалі ручныя гарпуны і восці і станавіліся ў рад уздоўж краю плыта. Звычайна акула бясшумна плавала вакол нас, ледзь не прыціскаючыся спінным плаўніком да бярвенняў. Наша павага да акулы яшчэ больш вырасла, калі мы ўбачылі, што восці гнуліся, як спагецці, адскакваючы ад падобнай на наждачную паперу брані на спіне акулы, а наканечнікі ручных гарпуноў ламаліся ў час гарачай сутычкі. Калі нам і ўдавалася прабіць скуру акулы і дабрацца да яе мускулаў і храсткоў, гэта прыводзіла толькі да хвалюючай барацьбы; вада вакол нас кіпела, але ўсё канчалася тым, што акула вырывалася і ўцякала, а на паверхні вады заставалася маленькая маслістая пляма, якая паступова расплывалася.

Каб не страціць наш апошні гарпун, мы звязалі ў пучок некалькі самых вялікіх рыбалоўных кручкоў і засунулі іх у тулава залатой макрэлі. Потым мы спусцілі прынаду за борт, прычым прадбачліва замянілі лёску стальным шматжыльным тросікам, які мы прымацавалі да канца нашай выратавальнай вяроўкі. Акула падплыла павольна і рашуча; высунуўшы галаву над вадой, яна разявіла сваю падобную на серп пашчу, рвануўшы, схапіла цалкам залатую макрэль і праглынула яе. Тут яна і папалася. Распачаўся бой, у час якога акула ўспеніла ўсю ваду вакол плыта, але мы моцна ўчапіліся за вяроўку і падцягнулі вялізнага драпежніка, які супраціўляўся з усяе сілы, да самых бярвенняў кармы; там акула ляжала ўжо спакойна, нібы чакаючы, што будзе далей, і толькі шырока разяўляла пашчу, быццам хочучы запалохаць нас радамі сваіх вострых, як піла, зубоў. Хваля, што набегла ў гэты момант, ускаціла акулу на край слізкіх ад водарасцей бярвенняў; накінуўшы вяровачную пятлю на хваставы плаўнік страшыдла, мы хуценька адбегліся на пачцівую адлегласць і пачалі чакаць, пакуль закончыцца ваенны танец.

У храстку першай акулы мы знайшлі наканечнік нашага ўласнага гарпуна і спачатку думалі, што гэтым тлумачыцца яе параўнальна слабае супраціўленне. Але пазней мы такім жа чынам лавілі адну акулу за другой, і кожны раз без асаблівай цяжкасці. Як бы ні тузалася і ні ўпіралася акула, як бы ні прыходзілася нам напружвацца, каб падцягнуць яе ў вадзе, яна рабілася зусім бездапаможнай і пасіўнай і ніколі не магла поўнасцю паказаць сваю страшэнную сілу, калі толькі нам удавалася туга нацягваць лёску, не паддаючыся ні на сантыметр у гэтай барацьбе — «хто каго перацягне». Акулы, якіх мы выцягвалі на плыт, звычайна мелі ў даўжыню ад двух да трох метраў, і сярод іх трапляліся і блакітныя і бурыя. У апошніх скура, што абцягвала мускулы, была вельмі цвёрдай; для таго каб праткнуць яе вострым нажом, мы павінны былі біць з усяе сілы, і нават тады нож часта адскакваў. На жываце скура была такая ж непрабіваемая, як і на спіне, і адзіным слабым месцам з’яўляліся шчэлепныя шчыліны ля галавы, па пяць штук з кожпага боку.