Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 68

Тор Хейердал

Ад паху смажанай рыбы рэдка калі прачыналіся тыя, што спалі ў каюце, і таму кок, згатаваўшы снеданне, пачынаў торкаць іх відэльцам або запяваў сігнал пабудкі, ды так фальшыва, што тут ужо ніхто не мог доўга вытрымаць. Калі паблізу ад плыта не было відаць плаўнікоў акул, то дзень пачынаўся з кароткага купання ў Ціхім акіяне, пасля чаго снедалі на адкрытым паветры на краі плыта.

Харч быў добры. Мы праводзілі два эксперыменты: адзін меў дачыненне да інтэнданцкага кіраўніцтва XX стагоддзя, другі — да Кон-Цікі і V стагоддзя. Першы дослед быў пастаўлены на Тарстэйне і Бенгце. Яны харчаваліся спецыяльнымі рацыёнамі ў маленькіх тонкіх пакетах, што захоўваліся ў каробках, якія мы пазапіхвалі паміж бярвеннямі і бамбукавай палубай. Дарэчы, Тарстэйн і Бенгт ніколі асабліва не ганяліся за рыбай і іншай марской ежай. Праз кожныя некалькі тыдняў мы развязвалі вяроўкі, якімі бамбукавая па“ луба была прымацавана да бярвенняў плыта, і даставалі новыя запасы. Іх мы потым моцна прывязвалі перад каютай. Шчыльны слой асфальту, што з усіх бакоў пакрываў кардонныя каробкі, вельмі добра ахоўваў іх, між тым як герметычна закрытыя бляшанкі, якія ляжалі побач без упакоўкі, былі папсаваны марской вадой, што ўвесь час плюскацела вакол нашага прадуктовага склада.

У Кон-Цікі, калі ён упершыню падарожнічаў па акіяне, не было ні асфальту, ні герметычна закрытых бляшанак; тым не менш ён не адчуваў сур’ёзных цяжкасцей з прадуктамі харчавання. I тады мараплаўцы харчаваліся тым, што маглі ўзяць з сабою з сушы, і тым, што яны маглі здабыць для сябе ў дарозе. Зусім магчыма, што Кон-Цікі, адплываючы ад берагоў Перу пасля разгрому ля возера Ціцікака, ставіў перад сабой адну з дзвюх наступных мэт. Мажліва, што ён — жывое ўвасабленне сонца сярод свайго народа, які абогатвараў сонца, — асмеліўся паплыць проста ў акіян, каб рухацца па шляху самога сонца, спадзеючыся знайсці новую, больш мірную краіну. Другая мажлівасць заключалася для яго ў тым, каб накіраваць свае плыты ўздоўж узбярэжжа Паўднёвай Амерыкі, высадзіцца дзе-небудзь далей на поўнач і заснаваць там новае царства, да якога не маглі б дабрацца ворагі. Адплыўшы ад заселеных варожымі плямёнамі небяспечных скалістых берагоў, ён, таксама як і мы, апынуўся ў палоне ў паўднёва-ўсходняга пасату і плыні Гумбольдта і па волі гэтых стыхій вымушаны быў апісаць дакладна гэтакі ж вялікі паўкруг проста на захад.

Якія б ні былі планы ў гэтых сонцапаклоннікаў, пакідаючы сваю радзіму, яны, вядома, мелі з сабою запас прадуктаў на час падарожжа. Сушанае мяса і рыба, салодкая бульба з’яўляліся галоўнай часткай іх першабытнага харчу. Калі ў тыя часы людзі выбіраліся ў падарожжа на плытах уздоўж пустэльнага берага Перу, яны бралі з сабой вялікі запас вады. Замест глінянай пасуды яны часцей за ўсё карысталіся вялізнымі бутлямі з гарбузоў, якія не баяліся штуршкоў і ўдараў. Яшчэ больш зручнымі для карыстання на плыце былі тоўстыя ствалы гіганцкага бамбуку; у іх прасвідроўвалі ўсе перагародкі і налівалі ў сярэдзіну ствала ваду праз маленькую дзірку, якую закаркоўвалі якой-небудзь затычкай або залеплівалі смалой ці камеддзю. Трыццаць — сорак тоўстых бамбукавых ствалоў можна было прывязаць уздоўж плыта пад бамбукавай палубай, і там яны ляжалі ў цяньку і ўвесь час абмываліся халаднаватай (26°С у экватарыяльнай плыні) марской вадой. Такі запас вады быў у два разы большы, чым нам спатрэбілася за час падарожжа, а яго можна было і павялічыць, проста прывязаўшы яшчэ некалькі дзесяткаў бамбукаў пад плытом, дзе яцы нічога не важылі б і не займалі б месца.